Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

19.05.2023

У рамках Тыдня роднай прыроды ў НАН пройдзе прэзентацыя кнігі аб метадах ацэнкі экасістэм асабліва ахоўных прыродных тэрыторый

22 мая 2023 года ў 17.00 у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі (вул. Сурганава, 15, першы паверх) супрацоўнікамі Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча НАН Беларусі сумесна з ЦНБ імя Якуба Коласа НАН Беларусі будзе праведзена прэзентацыя манаграфіі «Наземныя і дыстанцыйныя метады ацэнкі стану экасістэм асабліва ахоўных прыродных тэрыторый», якая выйшла ў выдавецтве «Беларуская навука». Прэзентацыя кнігі прымеркавана да «Тыдня роднай прыроды» і 30-годдзя Нацыянальнай сістэмы маніторынгу навакольнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь.

Манаграфія падрыхтавана калектывам аўтараў, якія прадстаўляюць розныя арганізацыі (Інстытут эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча НАН Беларусі; Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па біярэсурсах; УП «Геаінфармацыйныя сістэмы»).

У кнізе «Наземныя і дыстанцыйныя метады ацэнкі стану экасістэм асабліва ахоўных прыродных тэрыторый» прыводзіцца канцэпцыя, прадстаўлены наземныя і дыстанцыйныя метады ацэнкі стану экасістэм і пагроз біялагічнай разнастайнасці пры правядзенні комплекснага маніторынгу натуральных экалагічных сістэм на асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях (ААПТ) у складзе нацыянальнай сістэмы маніторынгу навакольнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь. Пры вядзенні гэтага віду маніторынгу забяспечваецца кантроль па нешматлікіх простых і недарагіх у вызначэнні параметрах, якія выкарыстоўваюцца для ацэнкі рэгіянальных тэндэнцый і трэндаў у развіцці экасістэм ААПТ, а таксама асаблівасцей прасторавай праявы гэтых працэсаў. Практычнай мэтай работ з’яўляецца рэгулярны збор звестак пра стан натуральных (лясных, лугавых, балотных і водных) экасістэм, пра ступень і інтэнсіўнасць іх пашкоджання прыроднымі і антрапагеннымі фактарамі, а таксама пра дынаміку выяўленых пагроз функцыянаванню экасістэм і біяразнастайнасці ААПТ на аснове звестак дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі.

Кніга прызначана для работнікаў органаў дзяржаўнага кіравання, спецыялістаў у галіне аховы навакольнага асяроддзя і выкарыстання прыродных рэсурсаў, навуковых работнікаў і выкладчыкаў ВНУ, якія працуюць у галіне біялогіі і экалогіі, чытачоў, якія цікавяцца праблемамі экалогіі.