Дэлегацыя вучоных НАН Беларусі прыняла ўдзел у першым беларуска-ўзбекскім жаночым бізнес-форуме, які прайшоў у Мінску 5–7 верасня 2023 года.
У Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку 5 верасня 2023 года адбылася секцыя «Рэалізацыя партнёрства ў сферы навукі і адукацыі». На пасяджэнні выступілі Галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі Васіль Гурскі, генеральны дырэктар ДНВА «Хімічны сінтэз і біятэхналогіі» Эмілія Каламіец і начальнік упраўлення навукова-арганізацыйнай і прававой работы апарату НАН Беларусі, старшыня пярвічнай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» НАН Беларусі Юлія Качурка. Яны прадставілі ўдзельнікам бізнес-форуму інфармацыю аб дзейнасці Акадэміі навук, аб выніках дзейнасці арганізацый Акадэміі навук, аб ролі жанчын у беларускай навуцы.
6 верасня 2023 года навуковыя арганізацыі НАН Беларусі прадставілі свае апошнія распрацоўкі на выстаўцы «Зроблена ў Беларусі», якая была разгорнута на пляцоўках Нацыянальнай бібліятэкі, дзе праходзіла пленарнае пасяджэнне «Жанчыны ў бізнесе — патэнцыял для развіцця дзелавога супрацоўніцтва Беларусі і Узбекістана». Усяго было прадстаўлена звыш 20 распрацовак, якія маглі зацікавіць удзельніц бізнес-форуму. Сярод іх — генетычны пашпарт, штучныя ізумруды ювелірнай якасці, прадукты харчавання для дзяцей на плодаагародніннай, мясной і малочнай асновах, кансерваваная і кандытарская прадукцыя, хлебабулачныя вырабы, лекавыя прэпараты.