Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

08.09.2023

Візіт прадстаўнікоў ФДБУ «Інстытут Арктыкі і Антарктыкі» Расгідрамета ў НАН Беларусі

6–7 верасня 2023 года адбыўся візіт у НАН Беларусі прадстаўнікоў ФДБУ «Інстытут Арктыкі і Антарктыкі» Расгідрамета. У складзе дэлегацыі — саветнік дырэктара па міжнародным супрацоўніцтве ФГБУ «Інстытут Арктыкі і Антарктыкі» Расгідрамета Аляксандр Клепікаў, начальнік Расійскай антарктычнай экспедыцыі (РАЭ) ФГБУ «Інстытут Арктыкі і Антарктыкі» Расгідрамета Павел Лунёў, галоўны спецыяліст лагістычнага цэнтра РАЭ Андрэй Міракін. Мэта візіту — разгляд ходу выканання ў 2022–2023 гг. плана мерапрыемстваў па рэалізацыі Пагаднення аб супрацоўніцтве ў Антарктыцы паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Расійскай Федэрацыі. Былі абмеркаваны планы навуковага і лагістычнага супрацоўніцтва на 2023–2024 гады. У цэнтры ўвагі таксама было абмеркаванне пытанняў, звязаных з правядзеннем 16-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі (БАЭ).

7 верасня 2023 года расійскія госці правялі перамовы з намеснікам Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Аляксандрам Кільчэўскім, прынялі ўдзел у пасяджэнні двухбаковай рабочай групы па абмеркаванні вынікаў рэалізацыі ў 2022–2023 гадах палажэнняў Пагаднення аб супрацоўніцтве ў Антарктыцы паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Расійскай Федэрацыі, а таксама ў рабоце пашыранага пасяджэння Міжведамаснай камісіі Рэспублікі Беларусь па пытаннях Антарктыкі. Былі абмеркаваны лагістычныя пытанні па дастаўцы грузаў і членаў беларускай антарктычнай экспедыцыі ў сезон 2023–2024 гг.

Беларускія навукоўцы выказалі падзяку расійскім калегам за пастаянную дапамогу і расказалі аб планах адпраўкі ў лістападзе гэтага года 16-й БАЭ, далейшым развіцці беларускай станцыі, навуковым напаўненні новых праграм. У сваю чаргу, расійскія калегі выказалі намер і ў далейшым падтрымліваць беларускі бок у вывучэнні лядовага кантынента, аж да пераходу да круглагадовых зімовак.

Госці наведалі пастаянна дзеючую выстаўку «Дасягненні навукі — вытворчасці», дзе іх зацікавілі многія распрацоўкі. Сярод іх — асаблівыя пластыкі, якія абараняюць ад ультрафіялетавага выпраменьвання, тэхналогіі ачысткі ад забруджванняў тэрыторый, методыкі метэаралагічнага прагназавання. У цэлым усё, што можа быць карысна ў даследаванні Антарктыкі.