Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

12.12.2023

ПАЙШОЎ З ЖЫЦЦЯ АКАДЭМІК ДЗМІТРЫЙ ІВАНАВІЧ ШЫРАКАНАЎ

Пайшоў з жыцця выдатны вучоны-філосаф, акадэмік, доктар філасофскіх навук, прафесар, галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі НАН Беларусі Дзмітрый Іванавіч Шыраканаў (20 мая 1929 г. — 10 снежня 2023 г.).

Дзмітрый Іванавіч Шыраканаў нарадзіўся 20 мая 1929 г. у в. Галкі Брагінскага раёна Гомельскай вобласці. Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 1952 г. з чырвоным дыпломам, заканчэння аспірантуры і абароны кандыдацкай дысертацыі ў 1955 г. Д. І. Шыраканаў працуе ў Інстытуце філасофіі і права Акадэміі навук. Спачатку на пасадзе малодшага навуковага супрацоўніка, затым старшага навуковага супрацоўніка, а з 1962 г. — загадчыкам аддзела. У 1972 г. паспяхова абараняе доктарскую дысертацыю па тэме «Узаемасувязь катэгорый дыялектыкі». У 1974 г. абіраецца членам-карэспандэнтам, а ў 1989 г. — акадэмікам Акадэміі навук БССР. Здольнасці і талент арганізатара навукі, клапатлівага кіраўніка навуковага калектыву раскрываюцца на пасадзе дырэктара Інстытута філасофіі і права, на якую ён быў абраны на альтэрнатыўнай аснове ў 1988 годзе і выконваў гэтыя абавязкі ў цяжкі перабудоўчы час да 1994 года. З 1994 года ўзначальваў аддзел логікі і метадалогіі навуковага пазнання.

Асноўнымі напрамкамі навуковых даследаванняў Д. І. Шыраканава з’яўляюцца распрацоўка праблем дыялектыкі, логікі, тэорыі навуковага пазнання, выяўленне іх метадалагічнай функцыі ў сучаснай навуцы і сацыяльным жыцці; аналіз працэсаў развіцця і ўнутранай узаемасувязі філасофскіх катэгорый і паняццяў, іх змястоўнай ролі ў вывучэнні грамадства і прыроды; даследаванне філасофскіх праблем прыродазнаўства, сучасных заканамернасцей яго развіцця; вывучэнне працэсаў фарміравання філасофскага і грамадска-палітычнага жыцця Беларусі. Д. І. Шыраканавым на аснове прынцыпу гістарызму распрацавана канцэпцыя пазнавальнай і эўрыстычнай сутнасці філасофскіх паняццяў і катэгорый як цэласнай сістэмы. Ім была паказана аднабаковасць і неабгрунтаванасць прынцыпу жорсткага дэтэрмінізму, які меў шырокае распаўсюджанне ў філасофскай літаратуры. Была прапанавана разгорнутая характарыстыка паняццяў рознай ступені агульнасці і іх лакальных і глабальных узаемасувязяў, даследаваны шляхі (канкрэтна-навуковыя, агульнанавуковыя і філасофскія) фарміравання такіх паняццяў у катэгарыяльных структурах і сістэмах, якія яны ўтвараюць. На аснове аналізу паняцця субстанцыі Д. І. Шыраканавым раскрыта ўзаемадзеянне дзвюх формаў катэгарыяльных адносін — каўзальна-дэтэрмінісцкай і структурна-сістэмнай, якія ўзаемадапаўняюць адна адну. Д. І. Шыраканаў вялікую ўвагу аддаваў вельмі актуальнаму цяпер прыкладному баку філасофскіх даследаванняў, у прыватнасці, развіццю метадалогіі сацыяльных дзеянняў, выяўленню прадукцыйных формаў сучаснага стылю мыслення, свядомасці і самасвядомасці чалавека, што дазваляе больш эфектыўна ўплываць на распрацоўку праграм грамадскага развіцця. Дзмітрый Іванавіч Шыраканаў з’яўляецца аўтарам 130 навуковых прац, у тым ліку 4 манаграфій, 14 буйных калектыўных манаграфічных даследаванняў. Падрыхтаваў 30 кандыдатаў і 12 дактароў навук. Лаўрэат прэміі акадэмій навук Украіны, Беларусі і Малдовы (2009 г.) за выкананне сумеснай навукова-даследчай работы «Высокія тэхналогіі ў структуры ўстойлівага развіцця інавацыйнай сістэмы Рэспублікі Беларусь і Рэспублікі Малдова: праблема адпаведнасці наасферным каштоўнасцям» у складзе аўтарскага калектыву. За калектыўную працу беларускіх даследчыкаў «Дэтэрмінізм: сістэмы, развіццё» ён узнагароджаны Залатым медалём ВДНГ. За навуковую і грамадскую дзейнасць Д. І. Шыраканаў узнагароджаны ордэнамі і медалямі, сярод якіх ордэн «Знак Пашаны» (1967 г.) і ордэн Францыска Скарыны (1990 г.).

Калектыў Нацыянальнай акадэміі навук глыбока спачувае родным і блізкім Дзмітрыя Іванавіча.