Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

21.12.2023

У Акадэміі навук урачыста ўзнагародзілі пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу творчых работ, прысвечанага Году міру і стваральнай працы

19 снежня 2023 года ў НАН Беларусі адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу творчых работ, прысвечанага Году міру і стваральнай рацы. Пераможцамі сталі 218 работ. Усяго ў конкурсе прыняло ўдзел звыш тысячы чалавек. Аўтары найлепшых работ атрымалі ўзнагароды — дыпломы і памятныя прызы. Госці Акадэміі навук пазнаёміліся з апошнімі распрацоўкамі вучоных, якія прадстаўлены на пастаянна дзеючай выставе «Дасягненні айчыннай навукі — вытворчасці», наведалі музей гісторыі НАН Беларусі.

«Пастараліся нікога не пакрыўдзіць, таму адзначым усіх удзельнікаў. Важна і тое, што людзі вельмі актыўна адклікаюцца на такія конкурсы. Так, наступны год аб’яўлены Годам якасці, і па гэтай тэме мы таксама зробім конкурс, таму што пытанне вельмі важнае. Думаю, што ўдзельнікаў і распрацовак там будзе не менш, — адзначыў Старшыня Прэзідыума НАН Уладзімір Гусакоў. — Конкурс арганізуе Акадэмія навук, і гэта сапраўды вельмі прэстыжна для многіх маладых людзей, якія плануюць у далейшым звязаць сваё жыццё з навукай. Так, сярод мэт конкурсу — вырошчванне патрыятызму ў моладзі і прыцягненне ў навуку».

У Рэспубліканскім конкурсе творчых работ, прысвечаным Году міру і стваральнай працы, які арганізавала НАН Беларусі, прынялі ўдзел канкурсанты з розных рэгіёнаў Беларусі. Гэта — неабыякавыя і творчыя людзі, аматары і прафесіяналы, навукоўцы, настаўнікі, школьнікі і студэнты, а таксама ўсе ахвотныя. Творчы пошук аб’яднаў людзей самага рознага ўзросту, узроўню адукацыі, жыццёвага вопыту. Удзельнікі конкурсу даслалі вынікі даследаванняў, апублікаваныя ў навуковых і навукова-папулярных выданнях, распрацоўкі, а таксама макеты, узоры, навуковыя даклады, прэзентацыі, публіцыстычныя артыкулы, эсэ, музычныя і мастацкія творы, творы прозы і паэзіі.

Конкурс праводзіўся па 7 намінацыях: «Фізіка, матэматыка і інфарматыка — аснова развіцця тэхнікі і тэхналогій»; «Фізіка-тэхнічныя інавацыі — на карысць мірнай стваральнай працы»; «Хімія і прыродакарыстанне — для стваральнай працы і ўстойлівага развіцця дзяржавы»; «Біялагічная разнастайнасць і ўстойлівасць экасістэм»; «Медыцынская навука — чалавеку»; «Гуманітарныя навукі — Году міру і стваральнай працы»; «Навуковы патэнцыял аграрнай навукі — аснова стваральнай працы на зямлі».

У кожнай з намінацый конкурс праводзіўся па трох катэгорыях. Першая — навукоўцы акадэмічнай, універсітэцкай і галіновай навукі, настаўнікі, творчыя людзі (старэйшыя за 35 гадоў па стане на 1 студзеня 2023 года). Другая — магістранты, аспіранты, маладыя навукоўцы (да 35 гадоў па стане на 1 студзеня 2023 года). Трэцяя — школьнікі і студэнты. У кожнай з катэгорый уручылі дыпломы I, II і III ступені.