Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

26.12.2023

Беларускія палярнікі здзейснілі наземны навуковы паход у маладаследаваны раён Антарктыды

Супрацоўнікамі 16 Беларускай антарктычнай экспедыцыі выкананы навуковы паход у маладаследаваны прыбярэжны раён Антарктыды — горны масіў «Горы Канавалава». Пра гэта паведаміў начальнік 16-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі (16-я БАЭ) Аляксей Гайдашоў.

Склад паходнай групы БАЭ — 5 чалавек. Рух навуковага паходу 20–21.12.2023 г. ажыццяўляўся на дзвюх транспартных адзінках, абсталяваных сістэмамі GPS-навігацыі, сродкамі спадарожнікавай і УКХ сувязі. Па ходзе руху навуковага паходу выконвалася фота і відэа здымка, праводзіўся адбор проб снежнага покрыва, у ручным рэжыме апорныя пункты даследчага маршруту замацоўваліся на мясцовасці рэпернымі маркерамі з дзяржаўнай сімволікай Рэспублікі Беларусь.

Як паведаміў начальнік 16 Беларускай антарктычнай экспедыцыі, агульная працягласць даследчага маршруту склала 70 кіламетраў, агульная плошча апрабавання і навуковых даследаванняў склала каля 80 квадратных кіламетраў. Ахопленая дэталёвымі навуковымі даследаваннямі плошча прыроднага аб’екта «Горы Канавалава» склала каля 10 квадратных кіламетраў. У працэсе абследавання прыроднага аб’екта праведзены даследчыя маршруты і топагеадэзічная прывязка мясцовасці, праведзены серыі вымярэнняў розных параметраў прыроднага асяроддзя Антарктыкі, праведзены адбор проб і ўзораў прыродных матэрыялаў, выканана ацэнка геахімічнай, геаэкалагічнай, геакрыялагічнай і гідралагічнай сітуацыі даследаванага прыроднага аб’екта.

Як далажыў Аляксей Гайдашоў, атрыманыя папярэднія вынікі комплексных навуковых пошукаў у горным масіве «Горы Канавалава» ствараюць перадумовы ацэньваць дадзены раён у якасці перспектыўнай зоны навуковай цікавасці Рэспублікі Беларусь.

У працэсе правядзення двухдзённага навуковага паходу паломак тэхнікі, прыбораў і абсталявання не адзначана, парушэнняў тэхнікі бяспекі не мелася. Навуковыя пробы і ўзоры, матэрыялы і вынікі навуковых даследаванняў дастаўленыя на беларускую антарктычную станцыю Гара Вячэрняя ў поўным аб'ёме і будуць перададзеныя ў НАН Беларусі для аналізу і вывучэння».

Начальнік 16 Беларускай антарктычнай экспедыцыі падкрэсліў, што паспяховаму правядзенню навуковага паходу спрыяла зладжаная камандная праца навукова-тэхнічнага персаналу 16 БАЭ, неабходны асартымент і надзейная праца наяўных у распараджэнні БАЭ тэхнічных сродкаў і навуковага абсталявання распрацоўкі інстытутаў НАН Беларусі і іншых беларускіх арганізацый.