Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

08.01.2024

На палявую базу БАЭ Гара Вячэрняя дастаўлена 37 тон генеральнага грузу

Супрацоўнікамі 16-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі 5–7 студзеня 2024 г. у аўральным кругласутачным рэжыме праведзена паветраная грузавая аперацыя па дастаўцы генеральнага грузу і супрацоўнікаў Беларускай антарктычнай экспедыцыі з борта навукова-даследчага судна «Акадэмік Фёдараў» на палявую базу Беларускай антарктычнай экспедыцыі Гара Вячэрняя. Пра гэта паведаміў начальнік 16-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі (16-я БАЭ) Аляксей Гайдашоў.

«Правядзенне паветранай грузавой аперацыі ўскладнялася цяжкай лядовай абстаноўкай і вялікім плячом палёту верталёта. У працэсе грузавой аперацыі з борта навукова-даследчага судна «Акадэмік Фёдараў» на палявую базу Гара Вячэрняя дастаўлена 37 тон генеральнага грузу БАЭ, уключаючы канструкцыі ўстановачнай платформы для новага аб’екта Беларускай антарктычнай станцыі, расходныя матэрыялы і запасныя часткі да тэхнікі, прадукты харчавання і навуковае абсталяванне. Генеральны груз БАЭ дастаўлены з борта «Акадэмік Фёдараў» на палявую базу Гара Вячэрняя без пашкоджанняў і страт. Паспяховаму правядзенню паветранай грузавой аперацыі спрыяла дэталёвае планаванне работ і дакладнае прафесійнае ўзаемадзеянне паміж супрацоўнікамі БАЭ, членамі экіпажаў навукова-даследчага судна і авіяатрада», — праінфармаваў Аляксей Гайдашоў.

Як паведаміў начальнік 16-й БАЭ, прыборы для навуковых назіранняў, сістэмы жыццезабеспячэння, сродкі транспарту і сувязі працуюць у штатным рэжыме. Асабовы склад 16-й БАЭ працягвае выкананне зацверджаных НАН Беларусі навуковых праграм, планаў тэхнічных работ і прыродаахоўных мерапрыемстваў. На палявой базе БАЭ Гара Вячэрняя маюцца неабходныя запасы паліва, прадуктаў харчавання, медыкаментаў. З замежнымі антарктычнымі станцыямі, міжнароднымі каардынацыйнымі цэнтрамі, бортам навукова-даследчага судна «Акадэмік Фёдараў» падтрымліваецца ўстойлівая спадарожнікавая сувязь. Асабовы склад здаровы.

Тэгi
#16-я БАЭ