Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

15.01.2024

Званне «Вучоны года НАН Беларусі – 2023» прысвоена члену-карэспандэнту Уладзіміру Азаранку

Прэзідыум НАН Беларусі 15 студзеня 2024 года зацвердзіў вынікі конкурсу «Вучоны года Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі – 2023», праведзенага Камісіяй экспертаў, і прыняў рашэнне прысвоіць званне «Вучоны года Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі – 2023» акадэміку-сакратару Аддзялення аграрных навук Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі доктару тэхнічных навук, дацэнту, члену-карэспандэнту Азаранку Уладзіміру Вітальевічу. Высокага звання вучоны ўдастоены за значны асабісты ўклад у развіццё аграінжынернай навукі, стварэнне перспектыўных навукаёмістых распрацовак у галіне механізацыі апрацоўкі глебы і культуртэхнічнага паляпшэння сельскагаспадарчых угоддзяў, інавацыйныя распрацоўкі навуковага абсталявання для правядзення эксперыментальных даследаванняў глебаапрацоўчых рабочых органаў, а таксама павышэння бяспекі і паляпшэння ўмоў працы аператараў мабільнай сельскагаспадарчай тэхнікі.

Азаранка Уладзімір Вітальевіч — вучоны ў галіне тэхналогіі і сродкаў механізацыі сельскай гаспадаркі. Член-карэспандэнт (2014), доктар тэхнічных навук (2006), дацэнт (2008). Асноўныя навуковыя працы вучонага прысвечаны вывучэнню заканамернасцей разбурэння напружана-дэфармаванага масіву глебы імпульснымі нагрузкамі. Працуючы на пасадзе акадэміка-сакратара Аддзялення аграрных навук НАН Беларусі, з 2015 года з’яўляецца кіраўніком падпраграмы «Механізацыя аграпрацэсаў і “дакладная” сельская гаспадарка» Дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў «Сельскагаспадарчыя тэхналогіі і харчовая бяспека»» на 2021–2025 гады. Уладзімір Вітальевіч ажыццяўляе кіраўніцтва забеспячэннем развіцця тэхнічнай сельскагаспадарчай навукі, тэхнікі і вытворчасці, арганізацыяй работы па падрыхтоўцы навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі, каардынацыяй работы па забеспячэнні выканання планаў НДВКП. На аснове даследаванняў створана 17 узораў сучаснай тэхнікі, якія прайшлі ва ўстаноўленым парадку выпрабаванні і выпускаюцца прамысловасцю.

Азаранка Уладзімір Вітальевіч — аўтар 267 навуковых прац, у тым ліку 34 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў на вынаходкі і карысныя мадэлі. Член Савета па навукова-тэхнічным супрацоўніцтве НАН Беларусі з Кітайскай Народнай Рэспублікай. Член пастаянна дзеючай рабочай групы НАН Беларусі па пытаннях супрацоўніцтва з дзяржавамі блізкаўсходняга рэгіёна.

Узнагароджаны нагрудным знакам адрознення імя У. М. Ігнатоўскага Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2019), нагрудным знакам «Вялікі медаль Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» (2022), Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь (2022).

Конкурс «Вучоны года Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» заснаваны ў студзені 2018 года. Яго мэта — выяўленне і заахвочванне вучоных з ліку акадэмікаў і членаў-карэспандэнтаў, якія найбольш эфектыўна працавалі ў конкурсным годзе, а таксама навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі, якія працуюць у навуковых арганізацыях НАН Беларусі, маюць значныя асабістыя дасягненні ў навукова-даследчай дзейнасці, уносяць важкі ўклад у развіццё навуковай і інавацыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь, умацаванне міжнароднага аўтарытэту Акадэміі навук Беларусі, падрыхтоўку кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі. Званне «Вучоны года» прысвойваецца штогод напярэдадні святкавання Дня беларускай навукі на падставе вынікаў конкурснага адбору.

Праведзена шэсць конкурсаў. Звання «Вучоны года» ўдастоены: у 2017 годзе — член-карэспандэнт Каламіец Эмілія Іванаўна, у 2018 годзе — акадэмік Казак Мікалай Станіслававіч, у 2019 годзе — член-карэспандэнт Каваленя Аляксандр Аляксандравіч, у 2020 годзе — акадэмік Агабекаў Уладзімір Янокавіч, у 2021 годзе — акадэмік Ільюшчанка Аляксандр Фёдаравіч, у 2022 годзе — член-карэспандэнт Карпаў Ігар Аляксандравіч.