Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

24.01.2024

У НАН Беларусі адбылося сумеснае пасяджэнне Прэзідыума НАН Беларусі і Калегіі ДКНТ

24 студзеня 2024 года ў НАН Беларусі пад кіраўніцтвам намесніка Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Пятра Пархомчыка адбылося сумеснае пасяджэнне Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і калегіі Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь. Былі разгледжаны вынікі навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці за 2021–2023 гады, мэты і задачы для навуковай сферы Рэспублікі на 2024–2025 гады і наступны 5-гадовы перыяд. Удзельнікі сумеснага пасяджэння абмеркавалі праект комплекснага прагнозу навукова-тэхнічнага прагрэсу Рэспублікі Беларусь на 2026–2030 гады і на перыяд да 2045 года, а таксама прапановы па прыярытэтных напрамках навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці на 2026–2030 гады.

У ходзе сумеснага пасяджэння віцэ-прэм’ерам Пятром Пархомчыкам былі ўнесены прапановы па ўдасканаленні навуковай сферы, укараненні прарыўных навуковых распрацовак беларускіх вучоных на прадпрыемствах рэальнага сектара эканомікі, мэтах і задачах на перспектыву.

Так, віцэ-прэм’ер адзначыў неабходнасць актывізацыі работы па распрацоўцы беспілотнага транспарту, у тым ліку забеспячэнні прыдатнасці гэтага транспарту для дарог агульнага карыстання краіны. Пётр Пархомчык даручыў паскорыць работы па стварэнні ў Рэспубліцы Беларусь найважнейшага элемента — назапашвальніка для электратранспарту айчыннай вытворчасці. Намеснік Прэм’ер-міністра падкрэсліў важнасць распрацоўкі тэхналогіі па ўтылізацыі ліцій-іонных батарэй, у прыватнасці, увезеных у Рэспубліку Беларусь. Гэтую праблему неабходна адпрацаваць з расійскім бокам для сумеснага вырашэння ў рамках праграм Саюзнай дзяржавы. Галіновым дзяржорганам даручана прапрацаваць пытанне стварэння новых вытворчасцей і магчымага аднаўлення працы раней дзеючых прадпрыемстваў у рэгіёнах краіны.

Намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Пётр Пархомчык падрабязна азнаёміўся з праектамі маладых вучоных арганізацый НАН Беларусі, якія былі прадстаўлены на адборачным этапе Рэспубліканскага маладзёжнага інавацыйнага праекта «100 ідэй для Беларусі».