Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

25.01.2024

Форум «Першы крок у навуку» сабраў больш за 200 школьнікаў з усіх рэгіёнаў краіны

24 студзеня 2024 г. у НАН Беларусі адбылася рэспубліканская канферэнцыя навучэнцаў «Першы крок у навуку».

З прывітальным словам да юных вучоных звярнуўся акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Аляксандр Каваленя. У рабоце форуму прынялі ўдзел больш за 200 старшакласнікаў, а таксама іх педагогі і настаўнікі з усіх абласцей і рэгіёнаў Беларусі. У такім фармаце форум праводзіўся ўпершыню. Арганізатар мерапрыемства — Савет маладых вучоных Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

На пленарным пасяджэнні маладымі вучонымі НАН Беларусі былі прадстаўлены даклады аб перспектыўных напрамках развіцця айчыннай і замежнай навукі, належных практыках работы ў навуковых арганізацыях. Секцыі канферэнцыі прайшлі на базе арганізацый НАН Беларусі ў Мінску: Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа, Інстытута эксперыментальнай батанікі, Інстытута фізіка-арганічнай хіміі, Інстытута гісторыі і Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі. Работа была арганізавана па дзесяці секцыйных напрамках. Сярод іх і секцыя «Космас», якая з’явілася дзякуючы падтрымцы Агенцтва па касмічных даследаваннях НАН Беларусі.

Удзельнікі канферэнцыі змаглі азнаёміцца з выставай навукова-тэхнічных распрацовак маладых вучоных Акадэміі навук, наведаць інстытуты Акадэміі навук.

Канферэнцыя «Першы крок у навуку» праводзіцца з мэтай пошуку навучэнцаў, якія цікавяцца навуковай дзейнасцю, развіцця імі навыкаў прэзентацыі вынікаў эксперыментаў, фарміравання ў юных даследчыкаў уяўленняў аб сучасных дасягненнях беларускай навукі.