Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

02.02.2024

Міжнародны дзень роднай мовы 2024

З 6 па 26 лютага 2024 года Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі праводзіць мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму дню роднай мовы,

З 6 па 26 лютага 2024 года Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі праводзіць мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму дню роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага.

На працягу амаль трох тыдняў пройдзе цэлы шэраг мерапрыемстваў. Гэта — лекцыі, семінары, круглыя сталы, прэзентацыі, майстар-класы, інтэрактыўныя заняткі, сустрэчы і адукацыйна-забаўляльныя мерапрыемствы. Усе яны прысвечаны праблеме захавання, развіцця і папулярызацыі беларускай мовы.

ТТак, 6–10 лютага супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства правядуць серыю лекцый на базе Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага лагера «Зубраня»: «Старабеларуская пісьмовая спадчына» (6 лютага); «Жыццё слова ў часе. Пра сучасныя працэсы ў лексічнай сістэме беларускай мовы» і «Сусвет у алфавітным парадку: што могуць слоўнікі» (7 лютага); «Беларускія народныя гаваркі» (8 лютага); «Камп’ютарныя тэхналогіі і беларуская мова» (9 лютага); «Тапанімія і антрапанімія Беларусі як частка гісторыка-культурнай спадчыны народа» (10 лютага). Усе лекцыі пачынаюцца ў 15.00.
15 лютага ў 16.35 адбудзецца творчая сустрэча першага намесніка старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі А. А. Стэльмах і дырэктара філіяла «Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа» І. Л. Капылова са слухачамі Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. На сустрэчы будзе абмяркоўвацца роля пісьменніка ў развіцці, захаванні і папулярызацыі беларускай мовы як базавай каштоўнасці нацыі.
17 лютага ў 10.00 пройдзе сустрэча з вучнямі і настаўнікамі Мікалаеўшчынскай сярэдняй школы імя Якуба Коласа (Стаўбцоўскі раён Мінскай вобласці) на дыялогавай пляцоўцы «Беларускамоўная адукацыя як фактар усебаковага развіцця асобы». Мэта гэтага мерапрыемства — раскрыць адукацыйныя традыцыі радавога гнязда народнага паэта Беларусі Якуба Коласа.
19 лютага ў 14.00 адбудзецца падпісанне Дамовы аб супрацоўніцтве паміж Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі і ДУА «СШ № 26 г. Мінска» ў рамках «Школы юнага лінгвіста». У 16.35 пачнецца сустрэча са слухачамі Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Карлюкевіча А. М., начальніка ўпраўлення выдавецкай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Андрыевіча У. У., дырэктара Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Саверчанкі І. В. і дырэктара Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Капылова І. Л., прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы. 20 лютага ў 9.30 у Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры (вул. Сурганава 1, корп. 2, каб. 302) пройдзе круглы стол на тэму «Экспансія замежных слоў у беларускай і рускай мовах: узбагачэнне або засмечванне літаратурнай мовы?», на якім будзе абмяркоўвацца праблема шырокага ўжывання запазычанняў у дзяржаўных мовах Беларусі. Падчас круглага стала пройдзе прэзентацыя кнігі В. І. Уласевіч, Н. М. Даўгулевіч «Слоўнік новых запазычаных слоў беларускай мовы». Наступным мерапрыемствам у 14.00 будзе сустрэча з магістрантамі 1-га курса філалагічнага факультэта БДУ «Перспектывы развіцця беларускай этналінгвістыкі».
21 лютага (Міжнародны дзень роднай мовы) у 10.00 навукоўцы-дыялектолагі правядуць сустрэчу з навучэнцамі гімназіі № 22 г. Мінска на тэму «Беларускія гаворкі», у час якой раскажуць пра асаблівасці беларускіх народных гаворак, прадэманструюць фільм «Беларускія гаворкі». З 11.00 да 12.30 пройдзе прэзентацыя – практыкум – майстар-клас «Славянскамоўныя тэксты ў арабскаграфічным пісьменстве беларускіх татараў».
У гэты ж дзень з 13.00 да 14.00 у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН (вул. Сурганава, 15, інфармацыйна-выставачны цэнтр, к. 110) адбудзецца Рэспубліканская дыктоўка па беларускай мове, прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы і 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Дыктоўка будзе транслявацца таксама па канале «Культура» Беларускага радыё.
У 13.00 пройдзе семінар «Як перамагчы ў навуковым конкурсе: 10 парад ад спецыялістаў» (Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Гімназія № 22 г. Мінска», вул. Гамарніка, 8). У 14.00 супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства выступяць з лекцыяй «Дзяржаўная мова: гісторыя і сучаснасць» перад курсантамі Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Таксама будуць праведзены круглы стол «Славістыка. Этымалогія. Этналінгвістыка» (14.25) і сустрэча акадэмічных навукоўцаў-мовазнаўцаў з беларускімі пісьменнікамі (15.00), у час якой навукоўцы філіяла «Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа» раскажуць пра вынікі навуковых даследаванняў у галіне беларускага мовазнаўства, арганізуюць выставу выданняў Інстытута.
22 лютага ў 11.00 адбудуцца інтэрактыўная лекцыя і майстар-клас па старабеларускай мове на тэму «Прывілей, летапіс, жыціе: па старонках старабеларускай пісьмовай спадчыны» і прэзентацыя «Руска-беларускага сістэмнага семантычнага слоўніка», які з’яўляецца першым айчынным вопытам складання перакладнога слоўніка арыгінальнага тыпу. У 13.30 пройдзе сумеснае мерапрыемства філіяла «Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа» Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі і Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, прысвечанае Міжнароднаму дню роднай мовы. У ходзе мерапрыемства з мэтай фарміравання ў маладога пакалення цікавасці і павагі да беларускай мовы будзе праводзіцца сустрэча з галоўным рэдактарам часопіса «Маладосць» Вольгай Рацэвіч і папулярным паэтам-песеннікам Кастусём Цыбульскім, з выкладчыцай беларускай мовы і літаратуры, пісьменніцай Верай Буланда, студэнцкі беларускамоўны квэст і інш. У 15.00 пройдзе пазнавальна-забаўляльнае мерапрыемства «Гімназісты і першакурснікі: мовазнаўчы брэйн-рынг» (з удзелам навучэнцаў старшых класаў гімназіі № 25 г. Мінска і студэнтаў 1-га курса факультэта пачатковай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка).br> 23 лютага будуць праведзены: круглы стол «Пераклад і этнакультурная спецыфіка мастацкага дыскурсу» (11.00), у рамках якога плануецца абмеркаваць тэарэтычныя і практычныя аспекты адной з цэнтральных праблем мастацкага перакладу – праблемы захавання нацыянальнай своеасаблівасці мастацкага твора пры перадачы яго сродкамі іншай мовы, вызначыць шляхі вырашэння гэтай праблемы; лекцыя для школьнікаў 10–11 класаў дзяржаўнай установы адукацыі «СШ № 26 г. Мінска» «Беларуская мова ва ўмовах дзяржаўнага білінгвізму» (г. Мінск, вул. Льва Сапегі, 15; 13.55); сустрэча са студэнтамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў (14.00). Мэтай сустрэчы будзе прэзентацыя новых выданняў акадэмічных мовазнаўцаў, прысвечаных праблемам сучаснай славістыкі, матэрыялы якіх даюць комплекснае ўяўленне аб асноўных напрамках, дасягненнях, праблемах сучаснай беларускай мовы, метадалагічных пошуках у галіне славянскай філалогіі, знаёмяць з першымі творчымі пробамі пяра студэнтаў. Таксама на сустрэчы плануецца выступленне ўдзельнікаў паэтычнага гуртка БДУКМ «БУКет».
25 лютага ў 12.00 у нядзельнай школе парафіі роўнаапостальнай княгіні Вольгі г. Мінска (Мінск, пр. Партызанскі, 17) супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства правядуць гульню-квэст «Беларуская скарбонка». У ёй будуць прапанаваны заданні па беларускай мове і літаратуры, этнаграфіі і культуры Беларусі, накіраваныя на ўдасканаленне культуры зносін, пашырэнне кругагляду ўдзельнікаў.
26 лютага рэгіянальная грамадская арганізацыя «Нацыянальна-культурная аўтаномія “Беларусы Масквы”» праводзіць мерапрыемства, прысвечанае Дню роднай мовы, «Мова — душа народа». У рамках гэтага мерапрыемства выступяць супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, якія раскажуць аб праблеме захавання і папулярызацыі помнікаў старабеларускага пісьменства.

Міжнародны дзень роднай мовы — штогадовае свята, заснаванае ў 1999 годзе рашэннем Генеральнай сесіі ЮНЕСКА. Яго галоўная мэта — захаванне моўнай і культурнай разнастайнасці ў свеце, падтрымка нацыянальных моў і культур, а таксама забеспячэнне права кожнага грамадзяніна карыстацца роднай мовай. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі (Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа) традыцыйна праводзіць мерапрыемствы, прымеркаваныя да Міжнароднага дня роднай мовы, сярод якіх вялікая колькасць мерапрыемстваў, прысвечаных праблеме захавання, развіцця і папулярызацыі беларускай мовы.
Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі — вядучая навуковая ўстанова краіны, якая займаецца забеспячэннем паспяховага функцыянавання беларускай мовы ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Інстытут забяспечвае каардынацыю і правядзенне сістэмных даследаванняў у галіне беларускага мовазнаўства.