Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

23.02.2024

У НАН Беларусі адбылося пасяджэнне Каардынацыйнага савета інавацыйна-прамысловага кластара «Мікра-, опта- і ЗВЧ-электроніка»

22 лютага 2024 года ў НАН Беларусі пад кіраўніцтвам Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакова адбылося пасяджэнне каардынацыйнага савета інавацыйна-прамысловага кластара «Мікра-, опта- і ЗВЧ-электроніка».

У яго працы прынялі ўдзел вядучыя навукоўцы і спецыялісты краіны – кіраўнікі і прадстаўнікі ААТ «Інтэграл», ААТ «Планар», ААТ «Мінскі НДІ радыёматэрыялаў», ДНВА «Оптыка, оптаэлектроніка і лазерная тэхніка», навуковых арганізацый НАН Беларусі, БДУ, БНТУ і БДУІР. На пасяджэнні былі абмеркаваны перспектыўныя напрамкі распрацовак у Саюзнай дзяржаве Расіі і Беларусі ў галіне мікраэлектронікі, вынікі дзейнасці рабочых груп інавацыйна-прамысловага кластара «Мікра-, опта- і ЗВЧ-электроніка» ў 2022–2023 гадах і планы на 2024 год.

Адзначана, што арганізацыямі – удзельнікамі кластара праведзена вялікая работа па забеспячэнні дзейнасці кластара і навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва паміж яго ўдзельнікамі. У выніку сумеснай работы ў 2022–2023 гадах завершана работа па фарміраванні канцэпцыі развіцця ў Рэспубліцы Беларусь даследаванняў і распрацовак у галіне стварэння экспартаарыентаванай і імпартазамяшчальнай электроннай кампанентнай базы на 2021—2025 гады; распрацавана Праграма развіцця мікраэлектроннай прамысловасці Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2030 года. У адпаведнасці з даручэннем Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра Гусакова для забеспячэння развіцця высокатэхналагічных напрамкаў нацыянальнай эканомікі была сфарміравана дадатковая задача ў рамках падпраграмы «Засваенне ў вытворчасці новых і высокіх тэхналогій Дзяржаўнай праграмы «Навукаёмістыя тэхналогіі і тэхніка». У рамках гэтай задачы арганізацыямі — удзельнікамі кластара ў цяперашні час рэалізуецца шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на распрацоўку вырабаў мікра-, опта- і ЗВЧ-электронікі і радыёэлектронных прыбораў на новым, адпаведным сусветнаму або апераджальным навукова-тэхнічным узроўні.

На пасяджэнні было прынята рашэнне актывізаваць работы па падрыхтоўцы і ўзгадненні праекта сумеснай прапановы навукова-тэхнічнай праграмы Саюзнай дзяржавы ў галіне мікраэлектронікі.

Інавацыйна-прамысловы кластар «Мікра-, опта- і ЗВЧ-электроніка» створаны ў 2017 годзе. У яго ўвайшлі арганізацыі НАН Беларусі, ААТ «Інтэграл», ААТ «Планар», ААТ «НДІ радыёматэрыялаў», а таксама ВНУ — БДУ, БНТУ і БДУІР. Інавацыйна-прамысловы кластар з’яўляецца каардынуючай структурай, якая ажыццяўляе сваю дзейнасць у сферы навуковых даследаванняў, доследна-канструктарскіх распрацовак, вытворчасці вырабаў мікра-, опта- і ЗВЧ-электронікі, а таксама электроннага і оптыка-электроннага машынабудавання і прыборабудавання. Дзейнасць кластара дазваляе прымаць узгодненыя рашэнні ў адпаведнасці з сусветнай кан’юнктурай на рынку мікраэлектронікі і электроннага машынабудавання.