Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

11.03.2024

У Ашмянах праходзіць выстава работ акадэміка Аляксандра Лакоткі

З 7 сакавіка па 14 красавіка 2024 года ў Ашмянскім краязнаўчым музеі імя Ф. К. Багушэвіча праходзіць выстава акварэляў і графічных работ дырэктара Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі акадэміка Аляксандра Лакоткі «Свет пад назвай Беларусь».

Аляксандр Іванавіч Лакотка — архітэктар, доктар архітэктуры, доктар гістарычных навук, прафесар, акадэмік НАН Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь, лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне».

На выставе ў Ашмянах прадстаўлены работы аўтара апошніх гадоў, якія адлюстроўваюць яркі, маляўнічы каларыт прыроды, абшараў беларускай зямлі пад высокім мірным небам. Тут адлюстравана не толькі каляровая, але і эмацыйная дынаміка пейзажу, аблокі, парывы ветру, сакавітыя колеры, далі, прасёлачныя дарогі, блакітныя вочы азёр. Квітнеючая Беларусь... Утульна ва ўлонні прыроды глядзяцца двары і вуліцы традыцыйнай вёскі, старога мястэчка, асененыя дабравестам царкоўных главак.

Графічныя работы прысвечаны Беларускаму дзяржаўнаму музею народнай архітэктуры і побыту, над стварэннем якога аўтар працаваў шмат гадоў. Тут свежыя замалёўкі ўзораў народна-традыцыйнага дойлідства беларускіх Міншчыны (Цэнтральны рэгіён), Паазер’я, Падняпроўя. У працы раскрыты пачуццё маштабу, прапорцый, фактуры старога дрэва, пранікнёна захаваных народнымі дойлідамі ў старадаўніх цэрквах, дварах і сядзібах, ветраках і іншых будынках, якія спрадвеку фарміруюць асяроддзе пражывання селяніна-хлебадара.

Аляксандр Лакотка займаецца жывапісам і графікай больш за пяцьдзясят гадоў, са студэнцкай лавы. Працаваў у галіне рэстаўрацыі помнікаў беларускай архітэктуры, ствараў Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, вёў шматгадовыя навуковыя даследаванні ў галіне аховы нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчыны, развіцця айчыннай культуры і мастацтваў. Аўтар кніг, альбомаў і шматлікіх артыкулаў па гэтай праблематыцы.