Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

26.03.2024

У Інстытуце мяса-малочнай прамысловасці НАН Беларусі падабраны штамы і камбінацыі мікраарганізмаў для біятэхналагічных эксперыментаў на МКС

У рамках навуковай праграмы на Міжнароднай касмічнай станцыі (МКС) першай жанчынай — касманаўтам Марынай Васілеўскай плануецца выкананне біятэхналагічных эксперыментаў па культываванні і захоўванні ўзораў прабіятычных штамаў малочнакіслых мікраарганізмаў і біфідабактэрый ва ўмовах касмічнага палёту, а таксама выраб узораў кісламалочных прадуктаў з комплексам прабіятычных культур. Вучонымі РУП «Інстытут мяса-малочнай прамысловасці» НАН Беларусі спецыяльна падабраны штамы малочнакіслых мікраарганізмаў і біфідабактэрый, вызначаны аптымальныя пажыўныя асяроддзі і малочныя асновы для развіцця штамаў і распрацаваных камбінацый культур ва ўмовах касмічнага эксперыменту.

У выніку праведзеных даследаванняў будуць атрыманы новыя звесткі аб захаванасці і ўласцівасцях штамаў малочнакіслых мікраарганізмаў і біфідабактэрый, а таксама іх камбінацый у стане анабіёзу і пасля культывавання, параметрах атрымання кісламалочных прадуктаў ва ўмовах касмічнага палёту.

Супрацоўнікамі РУП «Інстытут мяса-малочнай прамысловасці» загадчыцай аддзела біятэхналогій Наталляй Жабанос і загадчыцай лабараторыі мікрабіялагічных даследаванняў і калекцыі прамысловых мікраарганізмаў аддзела біятэхналогій Аленай Бірук на базе Дзяржаўнага навуковага цэнтра Расійскай Федэрацыі — Інстытута медыка-біялагічных праблем РАН (РАН ДНЦ РФ — ІМБП РАН, г. Масква) сумесна з супрацоўнікамі гэтага цэнтра і спецыялістамі ПАТ «РКК “Энергія”» і ТАА НВП «БіяТэхСіс» была паспяхова праведзена перадпалётная падрыхтоўка навуковай апаратуры «Біяэкалогія» і «Прабіявіт», прызначанай для выкарыстання на борце МКС пры выкананні навуковай праграмы даследаванняў.

Як паведамлялася раней, палёт беларускага касманаўта першапачаткова задумваўся і рэалізуецца як палёт з навукова-даследчымі мэтамі. Распрацавана НАН Беларусі пры ўдзеле РАН і зацверджана «Раскосмасам» навуковая праграма палёту. У яе ўваходзіць сем эксперыментаў, з іх пяць навукова-даследчых і два адукацыйныя.

Тэгi
#МКС