Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

15.04.2024

Навуковая спадчына Я. Тышкевіча (да 210-годдзя з дня нараджэння)

18 красавіка 2024 года спаўняецца 210 год з дня нараджэння Яўстафія Тышкевіча – гісторыка, этнографа, археолага, краязнаўца, калекцыянера, стваральніка Віленскай археалагічнай камісіі, аднаго з зачынальнікаў музейнай справы ў Беларусі. Наш выдатны зямляк з’яўляўся членам шматлікіх навуковых таварыстваў: Імператарскай акадэміі навук у Санкт-Пецярбургу, Дацкага каралеўскага таварыства аматараў паўночных старажытнасцей, Стакгольмскай каралеўскай акадэміі мастацтваў і старажытнасцей Лонданскага археалагічнага інстытута.

З мэтай ушанавання памяці вядомага навукоўца Я. Тышкевіча, а таксама актуалізацыі яго навуковай спадчыны, абмеркавання сучасных праблем этналогіі, фалькларыстыкі, археалогіі Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Лагойскім раённым выканаўчым камітэтам у супрацоўніцтве з Лагойскім гісторыка-краязнаўчым музеем імя Канстанціна і Яўстафія Тышкевічаў і Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур 18 красавіка 2024 года будзе праведзена Міжнародная навуковая канферэнцыя “Навуковая спадчына Я. Тышкевіча, прымеркаваная да 210-годдзя з дня яго нараджэння”. з Лагойскім гісторыка-краязнаўчым музеем імя Канстанціна і Яўстафія Тышкевічаў

У канферэнцыі прымуць удзел навукоўцы з Беларусі, Расіі і Кітая. Будзе прадстаўлена больш за 40 дакладаў. Высокі тэарэтычны ўзровень мерапрыемства забяспечаць яго удзельнікі — прадстаўнікі акадэмічнай навукі, выкладчыкі вышэйшай школы, у ліку якіх 10 дактароў і 16 кандыдатаў навук.

Сярод тэм канферэнцыі – навуковая спадчына Я. Тышкевіча; тэарэтычныя аспекты і праблемы развіцця этналагічнай навукі; праблемы і перспектывы ўзаемадзеяння этналогіі і сумежных дысцыплін (археалогія, фалькларыстыка, музеязнаўства, краязнаўства); беларуская культура ў этнаграфічных зборах музеяў Беларусі і замежжа; сучасныя этнакультурныя працэсы.

Культурная праграма канферэнцыі ўключае экскурсію па гістарычных месцах Лагойска, наведванне экспазіцыі гісторыка-краязнаўчага музея імя Канстанціна і Яўстафія Тышкевічаў, батлеечны спектакль, кніжную прэзентацыю.

Правядзенне канферэнцыі на Лагойшчыне – рэгіёне Беларусі з багатым гістарычным мінулым, які вылучаецца адметнымі традыцыямі матэрыяльнай і духоўнай культуры, дазволіць звярнуць увагу на станоўчы вопыт захавання культурнай спадчыны, важны для выхавання патрыятызму, павагі да роднага краю, развіцця супрацоўніцтва паміж навукоўцамі, работнікамі культуры, педагогамі.

Кантактны тэлефон: 80297502286 Гурко Аляксандра Уладзіміраўна

Пресс-служба НАН Беларуси

Тэгi
#210 год