Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

12.04.2024

Памёр акадэмік, вядомы беларускі навуковец-нейрафізіёлаг Уладзімір Кульчыцкі

Беларуская навука панесла цяжкую страту. 11 красавіка 2024 года на 77-м годзе жыцця памёр вядомы вучоны ў галіне эксперыментальнай і клінічнай нейрафізіялогіі, акадэмік, доктар медыцынскіх навук, прафесар, загадчык Цэнтра мозга ДНУ «Інстытут фізіялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» Кульчыцкі Уладзімір Адамавіч. Усё сваё жыццё ён прысвяціў развіццю сучасных уяўленняў аб функцыянаванні мозга і нейронавых сетак у норме і паталогіі. Асноўныя вехі яго біяграфіі непарыўна звязаны з гісторыяй акадэмічнай медыцынскай навукі.

Кульчыцкі Уладзімір Адамавіч (1948—2024)

У. А. Кульчыцкі нарадзіўся ў Чыцінскай вобласці Расійскай Федэрацыі ў сям’і вайскоўца. З адзнакай у 1972 г. скончыў Куйбышаўскі медыцынскі інстытут. З 1989 г. на працягу 35 гадоў Кульчыцкі У. А. працаваў у Інстытуце фізіялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і прайшоў прафесійны шлях ад навуковага супрацоўніка да акадэміка, намесніка дырэктара па навуковай рабоце на працягу больш як 17 гадоў і кіраўніка Цэнтра мозга вядучага акадэмічнага інстытута.

У 1998 г. яму прысвоена званне прафесара, у 2000 г. быў абраны членам-карэспандэнтам НАН Беларусі, у 2017 г. — правадзейным членам (акадэмікам) НАН Беларусі.

У. А. Кульчыцкі — аўтар больш як 400 навуковых прац, у тым ліку 21 манаграфіі, 29 патэнтаў на вынаходкі. Падрыхтаваў трох дактароў і больш за 20 кандыдатаў навук. Узнагароджаны знакам адрознення імя У. М. Ігнатоўскага і Ганаровай граматай НАН Беларусі. Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола 1979 г.

Навуковыя даследаванні акадэміка У. А. Кульчыцкага значна ўзбагацілі айчынную навуку ўнікальнымі ведамі ў галіне нейрафізіялогіі. Значным дасягненнем стала распрацоўка і ўкараненне ў клінічную практыку арыгінальных інавацыйных метадаў лячэння неўралагічных захворванняў.

Акадэмік Кульчыцкі У. А. карыстаўся заслужаным аўтарытэтам сярод шырокай навуковай грамадскасці, калег па працы і вучняў. Ён унёс значны ўклад ва ўмацаванне сувязяў акадэмічнай і ўніверсітэцкай навукі, практычнай аховы здароўя, развіццё беларускай школы нейрафізіялогіі.

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім Уладзіміра Адамавіча. Светлая памяць пра Уладзіміра Адамавіча — выдатнага вучонага, дасведчанага арганізатара, таленавітага педагога, назаўсёды застанецца ў нашай памяці.

Развітанне з акадэмікам У. А. Кульчыцкім адбудзецца 16 красавіка 2024 года з 10.30 да 12.00 у Вялікай канферэнц-зале НАН Беларусі (г. Мінск, пр. Незалежнасці, 66; 2 паверх).

Пачатак грамадзянскай паніхіды ў 11.30.