Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

19.04.2024

Савет па стратэгічных праектах разгледзеў стан і развіццё мінеральна-сыравіннай базы рэспублікі

19 красавіка ў НАН Беларусі адбылося пасяджэнне Савета па стратэгічных праектах пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Галоўнай тэмай стала абмеркаванне стану і развіцця мінеральна-сыравіннай базы рэспублікі. У яго рабоце прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, Міністэрства энергетыкі, НАН Беларусі, Міністэрства адукацыі, Міністэрства эканомікі і Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь.

Адкрываючы пасяджэнне, старшыня Савета па стратэгічных праектах пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Уладзімір Гусакоў нагадаў прысутным, што гэты комплекс пытанняў разглядаўся на нарадзе ў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 12 сакавіка. Кіраўнік дзяржавы паставіў задачы інтэнсіўнага і эфектыўнага асваення радовішчаў, здабычы і перапрацоўкі карысных выкапняў, нарошчвання геолагаразведачных работ, у тым ліку па вуглевадароднай сыравіне. Пратаколам даручэнняў Прэзідэнта прадугледжаны разгляд гэтых пытанняў на пасяджэнні Савета. «Хачу падкрэсліць: гаворка ідзе менавіта аб усебаковым, сістэмным і дэталёвым разглядзе. Не толькі пытанні наяўнасці, разведкі і здабычы, але і практычнага прымянення карысных выкапняў у інтарэсах развіцця нацыянальнай эканомікі ў цэлым. Наша краіна не валодае багатымі запасамі рэсурсаў, таму задача іх максімальна поўнага і рацыянальнага выкарыстання такая актуальная. І вырашаецца гэта задача на аснове напружанай працы кадравага і інтэлектуальнага патэнцыялу. Таму мы павінны правесці своеасаблівы “мазгавы штурм”, выявіць найбольш актуальныя праблемы і рэзервы. Галоўнае — абгрунтаваць і прапанаваць на разгляд Кіраўніка дзяржавы ўзважаныя і дакладныя рашэнні, практычныя меры і механізмы. Калі неабходна — унесці прапановы па карэкціроўцы і ўдасканаленні заканадаўства, стандартаў, тэхнічных умоў і інш.», — падкрэсліў Уладзімір Гусакоў.

На пасяджэнні Савета па стратэгічных праектах 19 красавіка быў разгледжаны цэлы шэраг актуальных праблем. Гэта: стан мінеральна-сыравіннай базы стратэгічных карысных выкапняў, наяўныя праблемы і шляхі іх вырашэння (Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя); бягучы стан мінеральна-сыравіннай базы вуглевадароднай сыравіны РУП ВА «Беларуснафта», праблемы і перспектывы развіцця (РУП «Навукова-вытворчы цэнтр па геалогіі»); праблемныя пытанні функцыянавання горназдабыўных арганізацый сістэмы Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва і меры па іх вырашэнні (Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва); перспектывы развіцця тарфяной галіны і стварэнне імпартазамяшчальных вытворчасцей на аснове торфу (Міністэрства энергетыкі); праблемы і перспектывы выкарыстання торфу, сапрапеляў, гідрамінеральных рэсурсаў (Інстытут прыродакарыстання НАН Беларусі); падрыхтоўка кадраў для геолага-разведачных работ, здабычы і перапрацоўкі мінеральна-сыравінных рэсурсаў, праблемныя пытанні і шляхі іх вырашэння (Міністэрства адукацыі); праблемныя пытанні адабрання і прадастаўлення зямельных участкаў для здабычы карысных выкапняў, а таксама будаўніцтва аб’ектаў, неабходных для іх перапрацоўкі і захоўвання (Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь); напрамкі прыцягнення інвестыцый і меры па стымуляванні праектаў па распрацоўцы мінеральна-сыравінных рэсурсаў (Міністэрства эканомікі).

Важна адзначыць, што ў сваіх выступленнях кіраўнікі міністэрстваў, ведамстваў, навуковых арганізацый не толькі давалі ацэнку стану спраў у рэспубліцы па тэматыцы дакладу, але і ўносілі канкрэтныя прапановы па вырашэнні пастаўленых праблемных пытанняў. На пасяджэнні дадзена даручэнне з улікам выказаных заўваг дапрацаваць матэрыялы і прадставіць у Савет для абагульнення.