1 кастрычніка 2024 года ў НАН Беларусі адбылося падпісанне Дагавора аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і Акадэміяй навук Рэспублікі Татарстан. Дакумент падпісалі Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў і Прэзідэнт Акадэміі навук Рэспублікі Татарстан Рыфкат Мініханаў.
Абноўлены Дагавор аб супрацоўніцтве паміж НАН Беларусі і АН Рэспублікі Татарстан накіраваны на ўстанаўленне доўгатэрміновых стратэгічных партнёрскіх адносін у мэтах найбольш эфектыўнага выкарыстання навуковага, вытворчага і інавацыйнага патэнцыялу дзвюх акадэмій, дасягнення максімальнага сінэргетычнага эфекту ад каардынацыі дзейнасці і інтэграцыі інтэлектуальных рэсурсаў. Стратэгічнае партнёрства навукоўцаў Беларусі і Татарстана прадугледжвае каардынацыю дзеянняў і аб’яднанне намаганняў Беларусі і Татарстана ў галіне навуковай, навукова-тэхнічнай і адукацыйнай дзейнасці. Бакі дамовіліся аб развіцці розных формаў супрацоўніцтва ў галіне навуковай і адукацыйнай дзейнасці. Сярод іх: арганізацыя сумесных даследчых праграм, навукова-тэхнічнай экспертызы праектаў з прыцягненнем спецыялістаў дзвюх акадэмій, рэцэнзаванне навуковых артыкулаў, манаграфій; абмен інфармацыяй аб выніках навукова-даследчых распрацовак, вучэбна-метадычнымі матэрыяламі, сумесныя публікацыі і інш.
Як адзначыў у ходзе сустрэчы Уладзімір Гусакоў, НАН Беларусі і Акадэмію навук Рэспублікі Татарстан звязваюць даўнія сяброўскія і навуковыя сувязі. «Расійская Федэрацыя — наш галоўны прыярытэт і стратэгічны партнёр. Мы гатовы абмяркоўваць рознабаковае супрацоўніцтва па самым шырокім коле пытанняў. Паміж НАН Беларусі і Акадэміяй навук Татарстана дзейнічае “Дарожная карта” супрацоўніцтва на 2023–2024 гады. Але сёння мы павінны адпрацаваць новую “Дарожную карту” на перспектыву, да 2030 года, па прыярытэтных напрамках навукі. Новая “Дарожная карта” павінна быць насычанай і напоўненай. Гэта могуць быць сумесныя праекты ў такіх галінах, як леса- і нафтахімія, машынабудаванне, прыборабудаванне, эканоміка», — падкрэсліў Уладзімір Гусакоў.
У сваю чаргу, Прэзідэнт Акадэміі Навук Рэспублікі Татарстан Рыфкат Мініханаў адзначыў, што Татарстан падтрымлівае гэтую прапанову і гатовы разгледзець сумесныя праекты, якія ўяўляюць узаемную цікавасць. Так, навукоўцы Татарстана гатовыя актыўна развіваць сумесна з беларускімі калегамі таксама тэматыку вывучэння і захавання агульнай гісторыка-культурнай спадчыны народаў дзвюх краін.
1 кастрычніка 2024 года адбыліся перамовы кіраўніцтва НАН Беларусі з дэлегацыяй навукова-адукацыйных колаў Рэспублікі Татарстан на чале з Прэзідэнтам Акадэміі Навук Рэспублікі Татарстан Рыфкатам Мініханавым. Былі абмеркаваны перспектыўныя напрамкі і механізмы сумеснай навукова-тэхнічнай дзейнасці. Госці падрабязна азнаёміліся з апошнімі распрацоўкамі навукоўцаў, якія прадстаўлены на пастаянна дзеючай выставе «Дасягненні айчыннай навукі — вытворчасці». У праграме візіту — наведванне шэрагу навуковых арганізацый НАН Беларусі.