Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

27.02.2026

Выдавецтва «Беларуская навука» адзначае 100-гадовы юбілей

Сёння адбылося ўрачыстае мерапрыемства з нагоды 100-годдзя выдавецкага дома «Беларуская навука». Павіншаваць калектыў са значнай датай прыйшлі калегі з розных акадэмічных аддзяленняў, выдавецтваў і бібліятэчнай сферы. Павіншаваў выдавецтва «Беларуская навука» са значнай датай і Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Каранік. У сваім уступным слове ён адзначыў, што ў 1920-х гадах выдавецтва з'яўлялася адным з першых і важнейшых праектаў Інстытута беларускай культуры, таму на яго рэалізацыю былі кінутыя лепшыя сілы. «У няпросты час энтузіясты сваёй справы – вядомыя навукоўцы і пісьменнікі – стваралі выдавецтва. Гэта быў вялікі крок наперад, каб данесці роднае слова да чытачоў, папулярызаваць беларускую літаратуру і навуку. І гэта было зроблена вельмі творча і прафесійна», – сказаў Уладзімір Каранік.

Кіраўнік Акадэміі навук перакананы, што ў выдавецкага дома ўсе ўзнагароды і дасягненні яшчэ наперадзе, а асноўная місія заключаецца ў папулярызацыі навукі і літаратуры, захаванні нацыянальнай культуры і ідэнтычнасці, павышэнні пісьменнасці нашага насельніцтва. «Сфарміраваныя традыцыі ў спалучэнні са сплавам вопыту і маладосці дазваляюць з аптымізмам глядзець у будучыню і разумець, што наперадзе яшчэ шмат значных дасягненняў, шмат цікавых выданняў і праектаў», – сказаў Уладзімір Каранік.

Далей, згодна з праграмай мерапрыемства, ад імя Міністра інфармацыі Марата Маркава віншавальны адрас зачытаў намеснік Міністра інфармацыі Дзяніс Езерскі. «Выдавецтва «Беларуская навука» прайшло слаўны, напоўнены добрымі здзяйсненнямі шлях і сёння па праву з'яўляецца айчынным лідарам у галіне навуковага кнігавыдання. Асноўны напрамак выдавецтва – выпуск навуковай, навукова-папулярнай, даведачнай літаратуры, праз якую адлюстроўваецца ўнікальнасць, самабытнасць беларускага народа, веліч яго гісторыі і культуры, дэманстрацыя дасягненняў ва ўсіх сферах жыцця краіны. Упэўнены, што ўзбагачаючы сусветна вядомыя традыцыі беларускага кнігавыдання, выдавецтва і далей будзе ўносіць значны ўклад ва ўмацаванне маральных асноў беларускага грамадства, а новыя творчыя здзяйсненні стануць добрым прыкладам у справе развіцця нацыянальнай культуры», – гаворыцца ў тэксце віншавання.

Цёплыя словы і самыя добрыя пажаданні сёння гучалі са сцэны для ўсіх супрацоўнікаў выдавецтва – асабліва жанчын, на плячах якіх ляжыць складаная і карпатлівая выдавецкая праца.

Выдавецтва заснавана ў Мінску ў 1925-1926 гадах як рэдакцыйна-выдавецкі аддзел Інстытута беларускай культуры (Інбелкульт). З 1929 года – у складзе Акадэміі навук БССР, з 1932 года называлася выдавецтвам АН БССР, з 1963 года – «Навука і тэхніка», з 1996 года – «Беларуская навука», з чэрвеня 2000 года – РУП «Выдавецтва «Беларуская навука»». У лютым 2005 года ў выніку далучэння да яго рэдакцыйна-выдавецкай установы «Навука і інавацыя», у складзе якой знаходзіліся рэдакцыі аднайменнага навукова-практычнага часопіса і інфармацыйна-аналітычнай газеты «Веды» (з 2015 года – «Навука»), а таксама ўчастка паліграфіі, выдавецтва было рэарганізавана ў РУП «Выдавецкі дом «Беларуская навука».