Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

19.11.2026

Беларусь-Кітай: вынікі маштабнага візіту дэлегацыі Акадэміі навук у рамках CIEP

Дэлегацыя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, якую ўзначальваў намеснік Старшыні Прэзідыума Аляксей Труханаў, завяршыла свой рабочы візіт у Кітайскую Народную Рэспубліку. У яе склад увайшлі вядучыя спецыялісты – прадстаўнікі аддзяленняў біялагічных, медыцынскіх, фізіка-матэматычных і фізіка-тэхнічных навук, а таксама кіраўнікі профільных інстытутаў і навукова-вытворчых цэнтраў Акадэміі навук. Візіт, які праходзіў у рамках XXIV Кітайскай міжнароднай канферэнцыі па абмене спецыялістамі (CIEP), стаў важным этапам ва ўмацаванні навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Кітаем.


Шанхай: дыялог на перадавых рубяжах навукі


Цэнтральнай падзеяй першай часткі візіту стаў удзел беларускіх вучоных у XXIV Кітайскай міжнароднай канферэнцыі па абмене спецыялістамі (CIEP), якая праходзіла ў Шанхаі з 11 па 13 лістапада 2026 года. Гэты найбуйнейшы дзяржаўны форум Кітая. Яго асноўная мэта – прыцягненне замежных навукоўцаў. Дарэчы, сёлета мерапрыемства сабрала больш за тры тысячы ўдзельнікаў з больш чым 120 краін. На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця прысутнічалі высокапастаўленыя прадстаўнікі кітайскага ўрада, уключаючы члена Дзяржаўнага савета КНР Шэнь Іцынь, мэра Шанхая Чжу Чжунміна і міністра працоўных рэсурсаў і сацыяльнага забеспячэння КНР Ван Сяопіна.

У рамках навуковай праграмы беларускія спецыялісты актыўна ўдзельнічалі ў дыскусіях на паралельных сесійных пасяджэннях, арганізаваных тэхналагічным універсітэтам Цылу. Абмеркаванні ахапілі такія перспектыўныя напрамкі, як біямедыцына, інтэлектуальная апрацоўка інфармацыі і інфармацыйная бяспека, а таксама оптаэлектроніка і інтэлектуальнае зандаванне. Гэтыя тэмы адлюстроўваюць глабальныя трэнды ў развіцці навукі і тэхналогій.

Акрамя ўдзелу ў канферэнцыі, прадстаўнікі Акадэміі навук правялі серыю рабочых сустрэч, накіраваных на развіццё навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва і рэалізацыю сумесных праектаў. Беларуская дэлегацыя наведала Нацыянальны ўніверсітэцкі навуковы парк Шанхайскага ўніверсітэта навукі і тэхналогій (USST National Science Park), які з'яўляецца яркім прыкладам інтэграцыі даследаванняў, адукацыі і прамысловасці.

Перамовы ў Шанхайскім політэхнічным універсітэце завяршыліся дамоўленасцю аб прапрацоўцы заключэння прамых кантрактаў паміж рэзідэнтамі навуковага парку і арганізацыямі НАН Беларусі для вырашэння канкрэтных прыкладных задач. Таксама запланавана правядзенне сумеснай канферэнцыі па пытаннях трансферу тэхналогій.


Цзінань: умацаванне партнёрства і погляд у будучыню


Другая частка мерапрыемстваў у рамках CIEP прайшла ў горадзе Цзінань, дзе 14 лістапада адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця канферэнцыі высокага ўзроўню. Арганізатарам выступіў тэхналагічны ўніверсітэт Цылу (Акадэмія навук правінцыі Шаньдун). У мерапрыемстве прынялі ўдзел навукоўцы і эксперты больш чым з дзесяці краін, уключаючы Беларусь, Расію, Сербію, Францыю, Іспанію, Паўднёвую Карэю, Узбекістан, Азербайджан і Шры-Ланку. Да іх далучыліся звыш 150 прадстаўнікоў кітайскіх рэгіянальных органаў улады, універсітэтаў, навукова-даследчых інстытутаў і прадпрыемстваў.

З прывітальным словам выступіў намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Аляксей Труханаў, які падкрэсліў глыбокі характар беларуска-кітайскіх адносін. «За мінулыя гады Беларусь і Кітай прайшлі шлях ад першых кантактаў да ўзорнага ўсепагоднага партнёрства, у якім навука і тэхналогіі займаюць адно з цэнтральных месцаў. Напрацаваны вопыт беларуска-кітайскага навукова-тэхнічнага ўзаемадзеяння – бачны прыклад таго, якіх вынікаў могуць дасягнуць дзяржавы, аб'ядноўваючы свае намаганні», – сказаў ён.

На пленарным пасяджэнні акадэмік-сакратар Аддзялення медыцынскіх навук НАН Беларусі Васіль Богдан прадставіў даклад аб перспектыўных напрамках развіцця медыцынскай навукі ў НАН Беларусі.


Канферэнцыя маладых навукоўцаў ШАС


У рамках мерапрыемстваў у Цзінане 15 лістапада члены дэлегацыі прынялі ўдзел у канферэнцыі маладых навукоўцаў ШАС, з прывітальным словам выступіў акадэмік-сакратар Аддзялення фізікі, матэматыкі і інфарматыкі НАН Беларусі Аляксандр Шумілін.

У рамках праведзенага мерапрыемства з кітайскімі партнёрамі былі заключаны важныя дамоўленасці: Цэнтр сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў НАН Беларусі і Інстытут генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі падпісалі пагадненні.

Канферэнцыя ўключала дзве тэматычныя секцыі. Першая была прысвечана найноўшым распрацоўкам у галіне інтэлектуальных сэнсарных сістэм і перадавых вытворчых тэхналогій. Другая секцыя – дасягненням у сінтэтычнай біялогіі і хіміі нуклеінавых кіслот.


Развіццё тэхналагічнага партнёрства


Акрамя таго, удзельнікі дэлегацыі правялі шэраг рабочых сустрэч. Яны наведалі Нацыянальны суперкамп'ютарны цэнтр, азнаёміліся з работай фармацэўтычнай групы кампаній «Хунцзітан» і вывучылі дзейнасць Shandong Science and Technology Market. Гэты рынак, запушчаны ў маі 2024 года, з'яўляецца ключавой пляцоўкай правінцыі Шаньдун для трансферу тэхналогій і камерцыялізацыі навуковых распрацовак і эфектыўна злучае навуковыя даследаванні з вытворчасцю, дазваляючы прадпрыемствам фармуліраваць свае патрэбы, а навуковым арганізацыям – выконваць адпаведныя заказы.

  • Падчас візіту ў тэхнапарк дэлегацыя азнаёмілася з перадавымі распрацоўкамі і дасягненнямі ў такіх галінах, як:
  • Лазерная зварка і адытыўныя тэхналогіі, якія прымяняюцца ў суднабудаванні, энергамашынабудаванні і цяжкім машынабудаванні;
  • Тэхналогіі вырошчвання монакрышталяў TAGG, якія выкарыстоўваюцца ў оптавалакновай сувязі і лідарах;
  • Тэхналогіі апрацоўкі тытанавых сплаваў;
  • Распрацоўка функцыянальных палімерных пакрыццяў і іншыя інавацыйныя рашэнні.


Тэгi
#візіты