Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

19.11.2015

Адбылася сустрэча Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра Гусакова з дырэктарам Аб’яднанага інстытута ядзерных даследаванняў (АІЯД) Віктарам Мацвеевым

19 лістапада 2015 г. адбылася сустрэча Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра Гусакова з дырэктарам Аб’яднанага інстытута ядзерных даследаванняў (АІЯД) Віктарам Мацвеевым. Мерапрыемства праходзіла ў рамках правядзення пасяджэння Камітэта паўнамоцных прадстаўнікоў урадаў дзяржаў-членаў Аб’яднанага інстытута ядзерных даследаванняў (АІЯД) і сустрэчы прадстаўнікоў фінансавага камітэта АІЯД. У ходзе сустрэчы былі абмеркаваны перспектыўныя напрамкі і механізмы супрацоўніцтва.

Як паведаміў намеснік старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргей Кілін перад пачаткам пасяджэння, беларускія вучоныя абмяркоўваюць магчымасць удзелу ў новых праектах на Вялікім адронным калайдары.

”Нам важна ўбачыць новыя праекты, у якіх Беларусь можа ўдзельнічаць не толькі з навуковага, але і тэхналагічнага боку. Для нашых вучоных гэта новыя праекты не толькі ў АІЯД, але і ў Еўрапейскай арганізацыі па ядзерных даследаваннях (ЦЕРН). Прадстаўнікі ЦЕРН, якія таксама прыехалі ў Мінск, будуць абмяркоўваць новыя праекты на Вялікім адронным калайдары”, - адзначыў Сяргей Кілін. Паводле яго слоў, беларуская навука працуе па некалькіх напрамках: фізіка высокіх энергій, фізіка цвёрдага цела, уключаючы элементы мікраэлектронікі, і нанатэхналогіі.

У сваю чаргу дырэктар АІЯД, акадэмік Расійскай акадэміі навук (РАН), член Прэзідыума РАН Віктар Мацвееў адзначыў, што супрацоўніцтва паміж інстытутам і беларускімі навукоўцамі заўсёды развівалася дынамічна. Напрыклад, сумесна з ЦЕРН была створана ўнікальная ўстаноўка, дзе, у прыватнасці, быў адкрыты базон Хігса. “Уклад беларускіх вучоных і інжынераў велізарны, для буйных установак імі створаны элементы, якія вызначалі поспех усяго эксперыменту”, - падсумаваў ён.