Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

21.01.2016

У НАН Беларусі адбылася нарада па падвядзенні вынікаў рэалізацыі праграм і мерапрыемстваў Саюзнай дзяржавы

20 студзеня 2016 г. у НАН Беларусі адбылася нарада на ўзроўні Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы і беларускіх органаў дзяржкіравання па падвядзенні вынікаў рэалізацыі праграм і мерапрыемстваў Саюзнай дзяржавы. Былі абмеркаваны праекты па стварэнні сумесных інавацыйных прадуктаў і тэхналогій.

У мерапрыемстве прыняў удзел Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота. Ён адзначыў, што Саюзная дзяржава не будзе мяняць прыярытэты ў распрацоўцы і зацвярджэнні сумесных праграм.

Нацыянальная акадэмія навук з’яўляецца найбуйнейшым з боку Беларусі заказчыкам праграм Саюзнай дзяржавы. З больш за 50 дзяржпраграм, рэалізаваных пачынаючы з 1998 года, НАН Беларусі прыняла ўдзел у 15 праектах, з іх 11 былі выкананы ў інтарэсах ВПК Беларусі і Расіі. Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў растлумачыў, што тэмы саюзных праграм носяць стабільны характар у сувязі з працяглымі тэрмінамі іх падрыхтоўкі, якія складаюць ад двух да трох гадоў. “Працэдура праходжання вельмі жорсткая, хутка памяняць яе вельмі складана, часта немагчыма”, - сказаў Гусакоў.

У 2015 годзе за кошт бюджэту Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі выконваліся дзевяць сумесных праграм. Па словах Рапоты, яны былі выкананы на 93-97% ад запланаваных аб’ёмаў. Дзяржсакратар таксама паведаміў, што на 2016 год аб’ём фінансавання сумесных інавацыйных праектаў захаваецца на дасягнутым узроўні і складзе да трох мільярдаў расійскіх рублёў.

Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў уручыў памятны знак “У гонар заснавання нацыянальнай акадэміі наук Беларусі” намесніку Дзяржаўнага сакратара - сябру Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы Аляксею Кубрыну і начальніку аддзела ваеннага і абароннага супрацоўніцтва Дэпартамента абароннай прамысловасці і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва Міхаілу Осіпаву. За актыўны ўдзел і вялікі асабісты ўклад у распрацоўку і рэалізацыю Саюзнай дзяржавы групе супрацоўнікаў НАН Беларусі была ўручана “Падзяка Дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы”.