Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

21.01.2016

Архіў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры лёг у аснову пласцінкі Песняроў 1983

21 студзеня 2016 года ў НАН Беларусі прайшоў круглы стол, прысвечаны 75-годдзю з дня нараджэння народнага артыста СССР Уладзіміра Георгіевіча Мулявіна (1941-2003). У працы круглага стала прынялі ўдзел вядучыя мастацтвазнаўцы, даследчыкі, дзеячы мастацтва, кіраўніцтва НАН Беларусі і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Адкрываючы працу круглага стала, Дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, акадэмік Аляксандр Іванавіч Лакотка адзначыў, што “менавіта Мулявін стварыў непаўторную вакальную манеру Песняроў, якая аб’ядноўвае акадэмічнае гучанне, джазавыя і народныя матывы”.

Таксама А.І. Лакотка расказаў, што “Уладзімір Мулявін і Песняры іх залатога часу звярталіся да аўтэнтычных фальклорных запісаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, якія захоўваюцца ў архіве Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры (Аддзел фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў), а канкрэтна да калядных, купальскіх і іншых песень, якія былі запісаны вучонымі НАН Беларусі ў працэсе шматгадовых навуковых палявых даследаванняў “. У прыватнасці А.І. Лакотка згадаў, што ў архіве засталіся сведчанні, што Мулявін рыхтаваў ў 1979 новую праграму “Купалле і калядкі”. Гэтыя песні ўвайшлі пазней у 1983 годзе ў склад пласцінкі “Зачарованая мая” ў выкананні Песняроў.