Паважаныя калегі! Дарагія сябры!
Ад імя Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі віншую вучоных нашай краіны, усіх, для каго навуковы пошук стаў лёсам і прызваннем, з прафесійным святам - Днём беларускай навукі!
Навука заўсёды з’яўлялася магутным рэсурсам мадэрнізацыі грамадства, рухаючай сілай тэхнічнага прагрэсу, важнейшым складнікам нацыянальнага багацця. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка паставіў задачу пабудовы грамадства ведаў. Гэта - залог нашага стратэгічнага развіцця і шырокага міжнароднага прызнання. Сёння менавіта навука заклікана прапанаваць шляхі, механізмы і сцэнарыі пераходу эканомікі краіны на шосты, самы высокі тэхналагічны ўклад.
У Акадэміі навук у апошнія гады склалася добрая традыцыя складаць пералікі вынікаў навуковых даследаванняў і распрацовак сусветнага ўзроўню і на іх базе фарміраваць “ТОП-10”. У спіс лаўрэатаў у 2015 годзе ўвайшлі навуковыя дасягненні ў галіне фундаментальных і прыкладных даследаванняў. Вынікі прадстаўлены ў вядучых сусветных і айчынных навуковых выданнях з высокім імпакт-фактарам. Актуальнасць навуковых даследаванняў, якія праводзяцца ў Акадэміі, пацвярджаецца цікавасцю сусветнай навуковай грамадскасці. Штогод у міжнародныя базы даных уключаецца больш за 700 артыкулаў вучоных НАН Беларусі. Працы цытуюцца аўтарамі з ЗША, Кітая, Германіі, Расіі, Індыі і інш.
Акадэмія навук годна завяршыла мінулы год. Выкананы асноўныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця. Створана сістэма з 72 міждысцыплінарных навукова-даследчых цэнтраў па найбольш перспектыўных напрамках навуковых даследаванняў, задача якіх - вызначэнне кропак росту і апераджальнага развіцця розных галін навукі. Шырокі рэзананс у грамадстве атрымала выстава-кірмаш дасягненняў акадэмічнай навукі. Пашырыліся міжнародныя навуковыя сувязі, узрос аб’ём работ і экспартны патэнцыял. Уведзены ў строй унікальныя інавацыйныя аб’екты. Распрацаваны прыярытэты і праграмы навуковых даследаванняў на новую пяцігодку. Сярод іх - стварэнне больш дасканалага спадарожніка дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, будаўніцтва пастаянна дзеючай антарктычнай станцыі, завяршэнне праекта навукова-тэхналагічнага парка “БелБіяград”, удасканаленне арганізацыйнай структуры навукі, інтэграцыя ў эканоміку краіны, развіццё міжнародных навуковых сувязей і многае іншае.
Быць вучоным няпроста, але вельмі прэстыжна. Вучоныя па праве лічацца элітай грамадства. Але гэта не толькі пашана, а ў першую чаргу вялікая адказнасць. Вучоныя Акадэміі навук павінны лідзіраваць як у выкананні фундаментальных і прыкладных даследаванняў, так і ў рэалізацыі сваіх распрацовак, генераваць новыя ідэі, вытворчасці, галіны і напрамкі развіцця эканомікі. Трэба сказаць, што ўся тэматыка Акадэміі навук зараз сарыентавана на практыку і знаходзіць шырокую запатрабаванасць.
У мiнулым годзе за выдатныя дасягненні многія прадстаўнікі навукі былі ўдастоены высокіх дзяржаўных узнагарод. Таленавітым маладым вучоным прызначаны прэзідэнцкія стыпендыі, вызначаны вядучыя спецыялісты, хто атрымае Прэзідэнцкія гранты на свае даследаванні. Вучоныя атрымалі міжнародныя і рэспубліканскія прэміі, сталі пераможцамі розных конкурсаў, удастоены прэстыжных дыпломаў і сертыфікатаў.
2016 год аб’яўлены ў краіне Годам культуры. Гэта празорлівае рашэнне. Бо культура і нацыя наўпрост асацыююцца з цывілізацыяй і развіццём. Калі культура і навука ў краіне з’яўляюцца асноўным прыярытэтам, яна лічыцца цывілізаванай і высокаразвітай. Таму Год культуры ў Беларусі павінен стаць годам усеагульнага ўздыму культуры беларускага грамадства, а, такім чынам, і хуткага развіцця навукі. У сувязі з гэтым перад вучонымі ставяцца новыя маштабныя задачы.
Вядомы вучоны К.А.Ціміразьеў калісьці пісаў: “Абраннікі, якія займаюцца навукай, павінны глядзець на веды, як на давераны ім скарб, які складае ўласнасць ўсяго народа”. Жадаю вам, дарагія сябры, быць сапраўднымі вучонымі, захоўваць і памнажаць багацце айчыннай навукі.
Шчасця, дабрабыту і здароўя вам і вашым блізкім!
Уладзімір Гусакоў,
Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі