Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

03.02.2016

Да 85-годдзя Інстытута філасофіі НАН Беларусі аб’яўлены конкурс на лепшую філасофскую працу сярод студэнтаў і магістрантаў

Інстытут філасофіі НАН Беларусі аб’яўляе рэспубліканскі конкурс філасофскіх прац (эсэ) для пачаткоўцаў даследчыкаў. Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца студэнты і магістранты ўстаноў вышэйшай адукацыі, Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў НАН Беларусі ўсіх спецыяльнасцей. Арганізатары чакаюць ад удзельнікаў творчых ідэй у сферы сацыяльнай філасофіі, філасофіі навукі і тэхнікі, філасофіі культуры, гісторыка-філасофскіх даследаванняў, а таксама просяць падзяліцца сваім бачаннем месца і ролі філасофскіх ведаў у структурных пераўтварэннях сучаснага грамадства як на нацыянальным, так і на глабальным узроўнях. Пераможцаў чакаюць дыпломы, падарункі і права апублікаваць сваю працу ў навуковых выданнях Інстытута філасофіі. З умовамі конкурсу, парадкам і тэрмінамі падачы матэрыялаў можна азнаёміцца на сайце Інстытута філасофіі па адрасе http://www.philosophy.by/ru/events/konkurs-2016

Вынікі конкурсу будуць падведзены ў ходзе юбілейнай канферэнцыі ў сценах НАН Беларусі ў красавіку 2016 года.

Конкурс прымеркаваны да 85-годдзя Інстытута філасофіі НАН Беларусі, якое адзначаецца ў 2016 годзе. Да гэтай даты таксама будуць прымеркаваны навуковыя форумы, выдавецкія праекты, прэзентацыі, падчас якіх плануецца асвятліць гістарычны шлях беларускай акадэмічнай філасофскай школы, яркія вехі яе біяграфіі, уклад у духоўную культуру нацыі і дзяржавы, а таксама задачы, якія стаяць перад філасофскай навукай у нашай краіне на цяперашнім этапе.