Адкрываючы пасяджэнне, М.У. Мясніковіч адзначыў важнасць узважанага планавання эканомікі, неабходнасць асвойваць і развіваць новыя перадавыя галіны і віды дзейнасці, але таксама не забываць аб павышэнні канкурэнтаздольнасці ўжо дзеючых традыцыйных вытворчасцей. Асаблівую ролю ў гэтым працэсе Старшыня Савета Рэспублікі адвёў моладзі, інтэлектуальны патэнцыял якой неабходна выкарыстоўваць больш актыўна. “Маладыя людзі, якія прысвяцілі сябе навуцы - гэта здабытак рэспублікі, - падкрэсліў М.У. Мясніковіч, - неабходна ўсяляк падтрымліваць моладзь, якая прыйшла ў навуку”.
У.Р. Гусакоў адзначыў актуальнасць заяўленай тэмы пасяджэння і расказаў аб мерах, якія прымаюцца ў НАН Беларусі для падтрымкі маладых вучоных. Паводле слоў старшыні Прэзідыума НАН Беларусі доля даследчыкаў да 29 гадоў у арганізацыях НАН Беларусі складае больш за 20 працэнтаў, што дазваляе сказаць, што НАН Беларусі дастаткова маладая арганізацыя. Штогод у арганізацыі НАН Беларусі прымаецца каля 300 маладых вучоных. У.Р. Гусакоў нагадаў пра тое, што 22 красавіка адбудзецца сесія Агульнага сходу НАН Беларусі, да якой будзе прымеркавана выстава распрацовак маладых вучоных. Штогод у НАН Беларусі праводзіцца міжнародная канферэнцыя “Моладзь у навуцы”, у 2015 годзе прайшоў Першы Еўразійскі форум маладых вучоных.