Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

22.04.2016

Завяршыла працу сесія Агульнага сходу НАН Беларусі

22 красавіка 2016 года завяршыла працу сесія Агульнага сходу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У ёй прынялі ўдзел прадстаўнікі акадэмічнай, вузаўскай і галіновай навукі, маладыя навукоўцы краіны.

Са справаздачай аб дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў 2015 годзе і задачах на 2016 год выступіў галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі, член-карэспандэнт Кільчэўскі А.У. З дакладам “Аб ліквідацыі рэгіянальных філіялаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі” выступіў намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Сукала А.В. Першы намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Чыжык С.А. выступіў з дакладам “Аб унясенні змяненняў у Статут Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”.

Перад пачаткам сесіі Агульнага сходу Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў паведаміў журналістам, што Нацыянальная акадэмія навук плануе ў бліжэйшы час абмеркаваць з прамысловымі прадпрыемствамі краіны ўкараненне навуковых распрацовак. “У нас ёсць шэраг праектаў, якія мы вядзем сумесна з прадпрыемствамі прамысловасці краіны. Да прыкладу, з Мінскім аўтамабільным заводам ствараем унікальную мадэль аўтацягніка. Але цяпер павінны актывізаваць супрацоўніцтва з рэальным сектарам. У бліжэйшы час мы сабяром нарады з прадпрыемствамі, вызначым прыярытэты і будзе далей па іх працаваць”, - адзначыў Уладзімір Гусакоў. Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі падкрэсліў, што вучоныя арыентуюцца на камерцыялізацыю сваіх распрацовак. “НАН Беларусі займаецца канкрэтнымі распрацоўкамі ў галіне машынабудавання, прыборабудавання, фармацэўтыкі. Мы зарыентаваны на іх больш хуткае ўкараненне”, - растлумачыў ён.

Сёння па выніках работы сесіі Агульнага сходу прынята Пастанова “Аб зацвярджэнні справаздачы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі на 2015 год”, Пастанова “Аб скасаванні рэгіянальных філіялаў Нацыянальнай акадэміі навук” і пастанова “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Статут Нацыянальнай акадэміі навук”.

У рамках работы сесіі Агульнага сходу была ўпершыню арганізавана выстава “Маладая акадэмія”, на якой маладыя вучоныя і даследчыкі арганізацый НАН Беларусі прадставілі каля 100 новых інавацыйных праектаў і навуковых распрацовак.