Галоўная мэта Міжнароднага навуковага кангрэса беларускай культуры - захаванне гісторыка-культурнай спадчыны беларускага народа, навуковы аналіз сучаснага стану нацыянальнай культуры. Форум закліканы садзейнічаць развіццю даследаванняў айчыннай культуры ў галіне гуманітарных і сацыяльных навук як у Беларусі, так і за яе межамі, а таксама спрыяць пашырэнню міжнароднага супрацоўніцтва вучоных розных краін.
Пасяджэнні Кангрэса будуць праходзіць у фармаце тэматычных блокаў і закрануць разнастайныя аспекты развіцця і вывучэння беларускай культурнай прасторы. Сярод тэм, якія будуць абмеркаваны ўдзельнікамі форуму: нацыянальная культура, мова і літаратура; культура рэгіёнаў Беларусі і нацыянальных супольнасцей; беларуская дыяспара ў свеце: этнакультурныя працэсы, гісторыя і сучаснасць; гісторыка-культурная спадчына, музеі, запаведнікі; традыцыйная культура, архітэктура і дызайн; выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва; музычнае мастацтва; тэатральнае мастацтва і інш.
Падчас Кангрэса будуць працаваць выставы выратаваных беларускімі рэстаўратарамі артэфактаў, навуковых выданняў. Госці Кангрэса наведаюць Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Музей старажытнабеларускай культуры, Нацыянальную бібліятэку Рэспублікі Беларусь.
Адкрыццё Кангрэса - 5 мая 2016 года ў 10.00 у Вялікай канферэнц-зале Прэзідыума НАН Беларусі (пр. Незалежнасці, 66, 2 паверх).
Азнаёміцца з праграмай Кангрэса.