Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

18.07.2016

У НАН Беларусі падпісана Пагадненне аб стварэнні Міжнароднага акадэмічнага цэнтра ICRANet-Мінск

18 ліпеня 2016 года ў НАН Беларусі для падпісання Пагаднення да Дагавора аб супрацоўніцтве (ад 6 верасня 2013 года) паміж Міжнародным цэнтрам рэлятывісцкай астрафізічнай сеткі і НАН Беларусі прыбыў дырэктар Міжнароднага цэнтра рэлятывісцкай астрафізічнай сеткі ICRANet Рэмо Руфіні. У ходзе візіту спадара Руфіні былі праведзены перагаворы з кіраўніцтвам НАН Беларусі на чале са Старшынёй Прэзідыума НАН Беларусі У.Р. Гусаковым і падпісана Пагадненне, якое прадугледжвае стварэнне ў Мінску Міжнароднага акадэмічнага цэнтра ICRANet з мэтай ажыццяўлення дзейнасці ў галіне тэарэтычных і эксперыментальных даследаванняў у сферы рэлятывісцкай астрафізікі, гравітацыі і касмалогіі ў каардынацыі з ICRANet, уключаючы арганізацыю навуковых школ, курсаў, семінараў і канферэнцый, каардынацыю падрыхтоўкі кадраў, рэалізацыю праграмы ўзаемных навуковых візітаў.

Плануецца, што стварэнне на базе НАН Беларусі МАЦ ICRANet-Мінск пашырыць магчымасці для ўваходжання беларускіх вучоных у новыя міжнародныя праграмы і калабарацыі, удзелу ў конкурсах на атрыманне міжнародных грантаў, абмену навуковымі супрацоўнікамі з радам цэнтраў у Еўропе і Амерыцы, якія ўваходзяць у ICRANet. Акрамя таго, адкрыццё цэнтра дазволіць выкарыстаць у Беларусі еўрапейскую праграму IRAP-PhD падрыхтоўкі аспірантаў і абмену студэнтамі з вядучымі еўрапейскімі ўніверсітэтамі.

Спадар Руфіні выказаў высокую зацікаўленасць у пашырэнні міжнароднага навуковага супрацоўніцтва з беларускімі вучонымі і адзначыў, што ў Беларусі даўно існуе і развіваецца магутная навуковая школа, а даследаванні, што праводзяцца беларускімі вучонымі, добра вядомыя ў сусветнай навуковай супольнасці. Менавіта таму ў Беларусь паступіла адпаведная прапанова аб супрацоўніцтве.

У сваю чаргу намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Сяргей Кілін адзначыў поспехі беларускіх вучоных у галіне лазерных сістэм, оптыкі, распрацоўкі і вырабу асабліва дакладных люстраў, якія знойдуць прымяненне ў цэнтры, што ставараецца, і змогуць паслужыць для далейшай іх камерцыялізацыі.

Таксама Рэмо Руфіні наведаў Музей гісторыі НАН Беларусі, дзе пакінуў запіс у кнізе Ганаровых гасцей.