Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

26.07.2016

Інстытут радыебіялогіі НАН Беларусі ўдастоены Ганаровай граматы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь

Інстытут радыебіялогіі НАН Беларусі ўдастоены Ганаровай граматы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь “За значны ўклад інстытута ў пераадоленне наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і рэабілітацыю пацярпелых тэрыторый, выкананне праектаў, накіраваных на атрыманне новых фундаментальных і прыкладных вынікаў у галіне радыяцыйнай абароны, аховы здароўя і прыродаахоўнай дзейнасці”. Ганаровую грамату дырэктару Інстытута Ігару Чэшыку ўручыў 22 ліпеня у час візіту ў г. Гомель намеснік старшыні Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Аляксандр Васільевіч Сукала.

Працы вучоных інстытута запатрабаваны ў навуковым свеце. Гэтаму ў немалой ступені спрыяе той факт, што назапашаны ў Інстытуце вопыт не толькі ўнікальны і не мае аналагаў, але і ўвесь час развіваецца, у тым ліку на базе прыцягнення арсенала і метадалогіі сумежных навук, творчага падыходу да эксперыменту і глыбокай эрудыцыі спецыялістаў. У цяперашні час інстытут удзельнічае ў навуковых праграмах усіх узроўняў і вядзе актыўную міжнародную дзейнасць.

Больш за 10 гадоў таму ДНУ “Інстытут радыебіялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі” была пераведзена ў Гомель – цэнтр рэгіёна, найбольш пацярпелага ад Чарнобыльскай атамнай катастрофы. Асноўнай мэтай гэтага пераезду была канцэнтрацыя навуковых кадраў і профільных даследаванняў з мэтай дамагчыся найбольш эфектыўнага пераадолення аддаленых наступстваў катастрофы. За гэтыя гады кіраўніцтвам і калектывам нямала зроблена для таго, каб інстытут стаў адным з найважнейшых элементаў навукова-інавацыйнай інфраструктуры рэгіёна. Напрамак, звязаны з радыебіялагічнымі, радыеэкалагічнымі і радыемедыцынскімі аспектамі агульнанавуковай праблематыкі, увайшоў у лік прыярытэтных і да гэтага часу захоўвае выключную значнасць для краіны і вобласці.