Сёлетнія “Рагачоўскія чытанні – 2016” прайшлі ў Гарадскім доме культуры. Канферэнцыю адкрыў намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік А.В. Сукала. З навуковымі дакладамі, прысвечанымі даследаванню гісторыка-культурнай спадчыны Рагачоўшчыны – тапаніміі і антрапаніміі, фальклору і этнаграфіі, гісторыі і археалогіі, мовы, літаратуры і музычнага мастацтва – выступілі члены-карэспандэнты НАН Беларусі А.А. Лукашанец і С.С. Лаўшук, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа І.Л. Капылоў, дактары навук Т.В. Валодзіна, Т.Г. Мдзівані і іншыя навукоўцы з НАН Беларусі і ўніверсітэтаў краіны.
Канферэнцыя сабрала шматлікую аўдыторыю мясцовай інтэлігенцыі: настаўнікаў, краязнаўцаў, журналістаў, музейных і бібліятэчных работнікаў, а таксама навучэнцаў устаноў адукацыі раёна.
Дзень беларускага пісьменства – нацыянальнае свята Беларусі, якое адзначаецца кожны год у першую нядзелю верасня. Сталіцамі Дня пісьменства абіраюцца невялікія гарады, якія ў старажытнасці былі цэнтрамі культуры, навукі і кнігадрукавання. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі разам з Міністэрствам інфармацыі, Міністэрствам культуры і Міністэрствам адукацыі з’яўляецца суарганізатарам святочных мерапрыемстваў.