Палессе - геаграфічны рэгіён, своеасаблівасць якога абумоўлена захаваннем малазмененых прыродных сістэм, разнастайнасцю расліннага і жывёльнага свету, мінеральна-сыравінных рэсурсаў, значнай доляй асушаных зямель у структуры зямельных угоддзяў, інтэнсіўным развіццём сельскагаспадарчай вытворчасці, а таксама этнакультурнай самабытнасцю карэннага насельніцтва, якое пражывае тут .
Унікальнасцю Палесся з’яўляецца той факт, што гэты цэласны ў прыродным дачыненні рэгіён размяшчаецца ў межах некалькіх краін - Беларусі, Украіны, Польшчы і Расіі. Цесныя матэрыяльна-энергетычныя патокі паміж імі, якія не прызнаюць дзяржаўных межаў, а таксама падобныя праблемы ў захаванні і выкарыстанні прыродных рэсурсаў абумоўліваюць неабходнасць міжнароднага супрацоўніцтва для вывучэння і выкарыстання гэтай трансгранічнай тэрыторыі. Форум у Мінску праводзіцца з мэтай абагульнення наяўнага ў розных краінах вопыту выкарыстання прыродных рэсурсаў Палесся, захавання ўнікальных палескіх ландшафтаў, выбару навукова-тэхнічных прыярытэтаў у галіне прырода- і нетракарыстання, якія забяспечваюць устойлівае сацыяльна-эканамічнае развіццё трансгранічнага Палескага рэгіёну.
Падчас працы канферэнцыі будуць праведзены дзве палявыя навуковыя экскурсіі на тэрыторыю Палесся з мэтай азнаямлення з праблемамі выкарыстання і аховы тарфяна-балотных глеб і тарфяных радовішчаў, праблемамі меліярацыі і выкарыстання меліяраваных зямель, метадамі прадухілення дэградацыі асушаных тарфяных глеб і захавання арганічнага рэчыва пры іх сельскагаспадарчым выкарыстанні . Да пачатку канферэнцыі выдавецтвам «Беларуская навука» будзе выдадзены Зборнік дакладаў канферэнцыі ў 2-х тамах.