26 верасня 2016 года ў КЗ «Мінск» адбылося ўрачыстае адкрыццё Міжнароднай канферэнцыі па кагерэнтнай і нелінейнай оптыцы, лазерах, іх прымяненні і тэхналогіях (ICONO / LAT-2016). Прывітанне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі на цырымоніі зачытаў Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч. З прывітальным словам да ўдзельнікаў форуму звярнуўся Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў.
26-30 верасня 2016 г. у Мінску праходзіць XXI Міжнародная канферэнцыя ICONO / LAT, якая арганізуецца Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі сумесна з Расійскай акадэміяй навук і Маскоўскім дзяржаўным універсітэтам пры фінансавай падтрымцы НАН Беларусі, РАН і Беларускага фонду фундаментальных даследаванняў. Ад НАН Беларусі непасрэдным арганізатарам выступае Інстытут фізікі НАН Беларусі. На канферэнцыі ICONO будуць абмяркоўвацца апошнія дасягненні па фізіцы лазераў, квантавай і атамнай оптыцы, звышхуткіх працэсах, нелінейнай дынаміцы аптычных сістэм, оптыцы нанаразмерных структур, аптычнай дыягностыцы і апрацоўцы інфармацыі, плазмоніцы, фізіцы метаматэрыялаў, тэрагерцавых тэхналогій і прымяненняў. На канферэнцыі LAT будуць разгледжаны пытанні практычнага прымянення лазераў, святлодыёдаў, а таксама лазерных тэхналогій у розных галінах эканомікі і навукі, уключаючы ўдасканаленне лазернай тэхнікі, высокадакладных лазерных вымяральных сістэм, стварэнне новых метадаў сінтэзу і апрацоўкі матэрыялаў, аптычныя інфармацыйныя тэхналогіі, прымяненне лазераў і святлодыёднай тэхнікі ў медыцыне, сельскай гаспадарцы і экалогіі, праблемы сонечнай энергетыкі.
У працы канферэнцый прымаюць удзел прадстаўнікі вядучых лазерных навуковых цэнтраў Германіі, Францыі, Італіі, Аўстрыі, Даніі, Велікабрытаніі, Швейцарыі, Швецыі, ЗША, Канады, Мексікі, Кітая, Японіі, а таксама прадстаўнікі практычна ўсіх вядучых навуковых арганізацый былога СССР і Рэспублікі Беларусь, якія працягваюць актыўна працаваць у галіне лазернай фізікі і аптычных тэхналогій. Усяго - каля 500 удзельнікаў.