Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

28.09.2016

У НАН Беларусі адбылося ўрачыстае адкрыццё Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “25 гадоў Садружнасці Незалежных Дзяржаў: вынікі, перспектывы”

28 верасня 2016 года ў НАН Беларусі адбылося ўрачыстае адкрыццё Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “25 гадоў Садружнасці Незалежных Дзяржаў: вынікі, перспектывы”. У форуме прымаюць удзел больш за 200 прадстаўнікоў усіх краін Садружнасці: супрацоўнікі дзяржаўных органаў, дыпламатычных місій, акрэдытаваных у Беларусі, паслы і пастаянныя прадстаўнікі краін СНД, прадстаўнікі органаў СНД і базавых арганізацый краін СНД, члены Камісіі па эканамічных пытаннях пры эканамічным савеце СНД, кіраўнікі найбуйнейшых навуковых і навучальных устаноў, вядучыя вучоныя і спецыялісты, дзеячы культуры.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў прывітанне ўдзельнікам Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “25 гадоў Садружнасці Незалежных Дзяржаў: вынікі, перспектывы”. Яго зачытаў намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Бузоўскі. Прывітанне Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Уладзіміра Пуціна ўдзельнікам канферэнцыі зачытаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў. Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на адкрыцці форуму заявіў, што “Садружнасць Незалежных Дзяржаў з’яўляецца значным, запатрабаваным і актуальным міждзяржаўным аб’яднаннем, якое дазваляе яго ўдзельнікам вырашаць увесь спектр надзённых пытанняў міжрэгіянальнага супрацоўніцтва”. Упэўнены, што ў ходзе канферэнцыі прагучыць нямала канструктыўных прапаноў, накіраваных на павышэнне ролі Садружнасці і яго адаптацыі да сучасных рэалій”, - сказаў Андрэй Кабякоў.

На Пленарным пасяджэнні выступіў намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Сяргей Кілін. Ён нагадаў, што краінамі СНД зацверджана Міждзяржаўная праграма інавацыйнага супрацоўніцтва на перыяд да 2020 года. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі па гэтай праграме выступае заказчыкам пяці праектаў, у тым ліку ў галіне суперкамп’ютарных і лазерных тэхналогій, медыцыны. Таксама беларускія вучоныя падрыхтавалі новыя праекты, якія могуць быць уключаны ў праграму. Яны будуць абмеркаваны падчас канферэнцыі ў Мінску. “Канферэнцыя дасць магчымасць не толькі абмяняцца думкамі, але і выйсці на прынцыповыя падыходы ў вырашэнні пастаўленых перад навукай агульных задач па прыярытэтных напрамках навукова-тэхнічнай дзейнасці такіх, як энергетыка, энергазберажэнне, індустрыя нанасістэм, біятэхналогіі, рацыянальнае прыродакарыстанне і інш.”, - падкрэсліў намеснік Старшыні прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Сяргей Кілін.

На канферэнцыі Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі ”25 гадоў Садружнасці Незалежных Дзяржаў: вынікі, перспектывы” прадугледжаны 4 секцыі: “Эканамічнае ўзаемадзеянне і ўдасканаленне заканадаўчай базы дзяржаў - удзельніц СНД”; “Навука і інавацыйнае супрацоўніцтва дзяржаў - удзельніц СНД”; “Узаемадзеянне дзяржаў - удзельніц СНД у сферы культуры, турызму, спорту і маладзёжнай палітыкі” і “Узаемадзеянне дзяржаў - удзельніц СНД у сферы бяспекі, барацьбы са злачыннасцю і тэрарызмам”. У рамках Канферэнцыі пройдзе пасяджэнне Савета Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук (МААН), пасяджэнне Кансультатыўнага савета МААН па пытаннях аховы інтэлектуальнай уласнасці і перадачы тэхналогій. Вядучыя вучоныя і спецыялісты абмяркуюць навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва ў галіне выкарыстання космасу, а таксама перспектыўныя напрамкі ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. 29 верасня 2016 года канферэнцыя працягне працу.

сайт канферэнцыі

Фота М.Гулякевіч, газета "Навука"