Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

17.11.2016

У Інстытуце філасофіі НАН Беларусі прайшоў міжнародны круглы стол “Беларуская філасофская традыцыя ў кантэксце сусветнай філасофскай культуры”, прымеркаваны да Сусветнага дня філасофіі

Інстытут філасофіі НАН Беларусі ў рамках мерапрыемстваў, прымеркаваных да святкавання Сусветнага дня філасофіі 17 лістапада 2016 года правёў міжнародны круглы стол “Беларуская філасофская традыцыя ў кантэксце сусветнай філасофскай культуры”.

Дыскусія сабрала вядомых прадстаўнікоў гісторыка-філасофскай школы Рэспублікі Беларусь і Украіны. У яе ходзе абмяркоўваліся пытанні аб месцы і ролі нацыянальнай філасофскай традыцыі ў дынаміцы глабальных філасофскіх ведаў. Удзельнікі круглага стала пастараліся раскрыць і асэнсаваць узаемасувязь паміж самаразуменнем нацыянальнай філасофскай школы і культурна-гістарычнай самаідэнтыфікацыяй нацыі. Таксама ў кампаратыўным ключы былі разгледжаны асаблівасці філасофскага працэсу ў Рэспубліцы Беларусь і Украіне ў эпоху савецкай філасофіі (пачынаючы з сярэдзіны ХХ стагоддзя) і ў перыяд незалежнасці.

Мерапрыемствы, падобныя да гэтага, накіраваны на ўдасканаленне механізмаў папулярызацыі філасофскіх ведаў, павышэнне іх удзелу ў рэгуляцыі сацыякультурных працэсаў. Яны дапамагаюць не толькі кансалідаваць гуманітарна-філасофскую супольнасць краіны, але і ўмацаваць асновы міжкультурнага дыялогу. Тым самым Інстытут філасофіі дэманструе цесную ўцягнутасць ў выкананне місіі, пастаўленай ЮНЕСКА перад суб’ектамі філасофскага руху і тымі, каму адрасаваны Сусветны дзень філасофіі - садзейнічаць умацаванню грамадзянскага дыялогу, памяркоўнасці і прагрэсу гуманітарных ведаў як адказу на выклікі сучаснасці.

Акрамя таго, дырэкцыя і Вучоны савет Інстытута філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі звярнуліся да філосафаў-даследчыкаў, выкладчыкаў філасофскіх дысцыплін, і ўсіх тых, хто вывучае філасофскія навукі, цікавіцца іх развіццём і практыкуе філасофскае веданне, з нагоды Сусветнага дня філасофіі ЮНЕСКА. З тэкстам звароту можна азнаёміцца па спасылцы.