Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

21.11.2016

23-25 лістапада 2016 г. у НАН Беларусі адбудзецца III Міжнародная навуковая канферэнцыя “Генетыка і біятэхналогія XXI стагоддзя: праблемы, дасягненні, перспектывы”

23-25 лістапада 2016 года адбудзецца III Міжнародная навуковая канферэнцыя “Генетыка і біятэхналогія XXI стагоддзя: праблемы, дасягненні, перспектывы” да 115-годдзя з дня нараджэння акадэміка А.Р. Жэбрака і XI з’езд Беларускага таварыства генетыкаў і селекцыянераў (БТГіС).

III Міжнародная навуковая канферэнцыя “Генетыка і біятэхналогія XXI стагоддзя: праблемы, дасягненні, перспектывы” аб’яднае працу канферэнцыі і з’езда БТГіС. Будуць прадстаўлены вынікі сучасных генетычных і біятэхналагічных даследаванняў вучоных Беларусі, Расіі, Украіны, Казахстана, Велікабрытаніі (Шатландыя). Усяго ў рабоце канферэнцыі прымуць удзел каля 200 прадстаўнікоў.

Навуковая праграма міжнароднай канферэнцыі ўключае наступныя секцыі: Малекулярная генетыка, геноміка і біяінфарматыка; Генетыка чалавека, медыцынская і спартыўная генетыка; Генетыка, селекцыя і біятэхналогія.

У ліку запрошаных выступіць з пленарнымі дакладамі вучоныя з сусветным імем: акадэмік РАН Ціхановіч Н.А. (ВНДІ сельскагаспадарчай мікрабіялогіі), член-кар. НАН Украіны Кунах В.А. (Інстытут малекулярнай біялогіі і генетыкі НАН Украіны), член-кар. КазНАЕН Раманкулаў Е.М. (Нацыянальнага цэнтра біятэхналогіі Рэспублікі Казахстан), акадэмік РАН Янкоўскі Н.К. (Інстытут агульнай генетыкі імя Вавілава), акадэмік РАН Харчанка П.Н. (ВНДІ сельскагаспадарчай біятэхналогіі РАСХ), акадэмік УАН Блюм Я.Б. (Інстытут харчовай біятэхналогіі і геномікі), Professor Nikolai Zhelev (University of Abertay Dundee), д.б.н., прафесар Дзюбенка Н.І. (Усерасійскі інстытут раслінаводства імя Вавілава).

Канферэнцыя будзе спрыяць абмену вопытам і аб’яднанню навуковых патэнцыялаў вучоных з розных краін з мэтай вырашэння прыярытэтных задач генетыкі і селекцыі. XI з’езд БТГіС і міжнародная навуковая канферэнцыя прымеркаваны да 115-годдзя з дня нараджэння акадэміка А.Р. Жэбрака. У 2016 годзе адзначаецца 115-годдзе з дня нараджэння акадэміка А.Р. Жэбрака і 50-годдзе БТГіС. З імем А.Р. Жэбрака звязваюць пачатак сур’ёзных генетычных даследаванняў у Беларусі. Яго працы ў галіне аддаленай гібрыдызацыі пшаніц і эксперыментальнай поліплаідыі, пачатыя ў 30-я гады ў Маскве і працягнутыя ў 50-х гадах у Акадэміі навук Беларускай ССР, былі першымі генетычнымі даследаваннямі ў рэспубліцы. У створанай ім у Інстытуце біялогіі АН БССР лабараторыі эксперыментальнай поліплаідыі вывучалі эмбрыялогію і фізіялогію аўтаполіплоідных формаў грэчкі для вывядзення высокаўраджайных гатункаў. А.Р. Жэбрак актыўна ўдзельнічаў у распрацоўцы беларускай праграмы селекцыі поліплоідных гатункаў цукровых буракоў. Навуковая спадчына знакамітага вучонага ўключае ў сябе манаграфіі “Сінтэз новых відаў пшаніцы” (1944) і “Поліплоідныя віды пшаніц” (1957), а таксама вялікую колькасць работ, якія не страцілі актуальнасці і ў цяперашні час.

Беларускае таварыства генетыкаў і селекцыянераў было створана ў 1966 г. Асноўнай задачай Таварыства яго заснавальнікі бачылі адраджэнне і развіццё розных напрамкаў генетыкі і селекцыі ў рэспубліцы, павышэнне кваліфікацыі навуковых работнікаў. БТГіС сёння - прадстаўнічая навукова-грамадская арганізацыя, у склад якой уваходзяць 269 вучоных з 12 профільных навуковых, селекцыйных і навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь. Дзейнасць таварыства накіравана на кансалідацыю генетыкаў і селекцыянераў шляхам выканання сумесных праектаў, арганізацыі семінараў і канферэнцый, выдання калектыўных прац, а таксама на ўмацаванне міжнародных навуковых кантактаў у мэтах эфектыўнага развіцця навуковых даследаванняў па праблемах генетыкі і селекцыі.

Інстытут генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі з’яўляецца вядучай навуковай установай у краіне ў галіне генетыкі, геномікі і біятэхналогіі раслін, жывёл, мікраарганізмаў і чалавека, а таксама базавай арганізацыяй Беларускага таварыства генетыкаў і селекцыянераў (БТГіС).

Адкрыццё канферэнцыі і з’езда - 23 лістапада 2016 года 9.30 - 10.00 (Прэзідыум Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, пр. Незалежнасці, 66, 2 паверх, Вялікая канферэнц-зала). Тэл. для кантактаў - Алена Вітальеўна, +375 17 284 19 41.