У НАН Беларусі пачала работу XIII Міжнародная навуковая канферэнцыя “Моладзь у навуцы – 2016”. Як адзначыў у сваім слове на адкрыцці мерапрыемства Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, у гэтым годзе былі пададзены даклады больш чым ад 420 чалавек, таксама пашыраецца і геаграфія ўдзельнікаў канферэнцыі. Даклады паступілі з Расіі, Казахстана, Украіны, Арменіі, Азербайджана і Францыі. Таксама, звяртаючыся да маладых вучоных, Уладзімір Гусакоў падкрэсліў неабходнасць закладваць трывалыя веды ў фундаментальных абласцях, “так як поспех моладзі сёння - гэта поспех нашай краіны”.
Работа канферэнцыі працягнецца ў 16 секцыях у рамках 9 напрамкаў: “Аграрныя навукі”, “Біялагічныя навукі”, “Гуманітарныя навукі і мастацтва”, “Медыцынскія навукі”, “Фізіка, матэматыка і інфарматыка”, “Фізіка-тэхнічныя навукі”, “Хімія і навукі аб Зямлі”, прыродазнаўчыя дысцыпліны (навучэнцы) і гуманітарныя дысцыпліны (навучэнцы). У рамках XIII Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Моладзь у навуцы – 2016” пройдзе круглы стол па міжнародным навукова-тэхнічным супрацоўніцтве маладых вучоных.