На сённяшні дзень удзельнікамі экспедыцыі выкананы мантаж элементаў 2-га аб’екта БАС – установачнай падстаўкі-платформы пад чатыры секцыі і адной службовай секцыі са складу васьмісекцыйнага лабараторна-жылога модуля. Названыя аб’екты ўведзены ў эксплуатацыю. Паспяховае правядзенне высадкі членаў экспедыцыі і дастаўкі матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння да берагоў Антарктыды стала магчымым дзякуючы высокаму прафесіяналізму, дакладнай і зладжанай рабоце калектыву НАН Беларусі, беларускіх і расійскіх палярнікаў, экіпажаў НЭС “Акадэмік Фёдараў” і верталётнай авіяцыі судна.
Беларуская антарктычная экспедыцыя прыступіла да працы ў аўтаномным рэжыме. Асабісты склад экспедыцыі здаровы і прыступіў да правядзення інжынерна-тэхнічных мерапрыемстваў па ўводу ў эксплуатацыю раней дастаўленых на станцыю аб’ектаў Беларускай антарктычнай станцыі і выканання праграмы навуковых даследаванняў, якая ўключае шырокі комплекс работ як на беларускай станцыі, так і на шэрагу расійскіх антарктычных станцый. Гэта – комплексны наземны і спадарожнікавы маніторынг атмасферы і падсцілаючай паверхні ў Антарктыдзе, радыяцыйная каліброўка спектральнай апаратуры беларускіх і расійскіх спадарожнікаў БКА і Канопус-В па заснежаным палігоне ў Антарктыдзе; даследаванні ўплыву малых газавых складнікаў атмасферы на сезонныя варыяцыі ультрафіялетавага апраменьвання ў прыземным слоі і водных экасістэмах ў раёне БАЭ і па ходзе руху НЭС; комплекснае даследаванне, ацэнка перспектыў выкарыстання біялагічных рэсурсаў і экалагічны маніторынг біятычных кампанентаў навакольнага асяроддзя Антарктыкі; даследаванне змяненняў прыроднага асяроддзя і клімату Зямлі Эндэрбі, Усходняй Антарктыкі і прылеглых тэрыторый пад уплывам прыродных і антрапагенных фактараў; рэгістрацыя асноўных метэаралагічных параметраў, аператыўнае метэаралагічнае забеспячэнне дзейнасці БАЭ, палётаў авіяцыі і марскога суднаходства.
Урачысты старт чарговай Беларускай антарктычнай экспедыцыі (БАЭ) быў дадзены ў канцы кастрычніка 2016 г. у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. А ўжо ў пачатку лістапада з Мінска ў С. Пецярбург на борт НЭС “Акадэмік Фёдараў” адпраўлена каля 40 тон экспедыцыйнага грузу, уключаючы канструкцыі другога аб’екта Беларускай антарктычнай станцыі. З сярэдзіны лістапада 2016 г. пачата паэтапная адпраўка асабістага складу БАЭ ў Антарктыку.
Стварэнне Беларускай антарктычнай станцыі працягваецца ў рамках рэалізацыі мерапрыемстваў падпраграмы “Маніторынг палярных раёнаў Зямлі, стварэнне беларускай антарктычнай станцыі і забеспячэнне дзейнасці палярных экспедыцый” Дзяржаўнай праграмы “Новыя і высокія тэхналогіі і тэхніка” на 2016-2020 гады.