Адбылася сустрэча намесніка Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі
Кіліна С.Я. з афіцыйнымі прадстаўнікамі сектара міжнародных адносін Еўрапейскай арганізацыі па ядзерных даследаваннях (ЦЕРН)
К. Шэферам і
Т. Куртыкай, на якой былі абмеркаваны падрыхтаваны праект новага Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і ЦЕРНам па пытаннях навуковага і навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва ў галіне фізікі высокіх энергій. Пагадненне мае на мэце абнавіць існуючую сістэму ўзаемадзеяння паміж беларускімі вучонымі і ЦЕРНам з улікам ролі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў арганізацыі даследаванняў у гэтай галіне навукі, якая хутка развіваецца.
У час перагавораў былі ўзгоднены працэдурныя пытанні падпісання Пагаднення, а таксама абмеркавана падрыхтоўка да буйнога міжнароднага сімпозіума “Інтэграцыя беларускіх вучоных у даследчыя праграмы вядучых міжнародных ядзерна-фізічных цэнтраў”, які будзе праведзены НАН Беларусі ў красавіку 2017 года ў рамках Года навукі.
Былі прапанаваны новыя спосабы супрацоўніцтва, у тым ліку рэалізацыя сумесных навуковых праектаў, падрыхтоўка сумесных выданняў, ажыццяўленне сумесных праграм павышэння кваліфікацыі маладых вучоных і выкладчыкаў, а таксама навучальныя праграмы для студэнтаў.