Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

23.04.2017

26 красавіка ў НАН Беларусі адкрыюць Міжнародны Цэнтр рэлятывісцкай астрафізікі ICRANet Мінск

26 красавіка 2017 года ў 11:00 у НАН Беларусі (будынак Прэзідыума НАН Беларусі, г. Мінск, пр Незалежнасці 66, Вялікая канферэнц-зала) пачне працу Міжнародны сімпозіум “Інтэграцыя беларускіх вучоных у даследчыя праграмы вядучых міжнародных ядзерна-фізічных цэнтраў”.

У пачатку канферэнцыі будзе афіцыйна адкрыты Міжнародны Цэнтр релятывісцкай астрафізікі ICRANet Мінск і праведзена публічная лекцыя заснавальніка Цэнтра ICRANet прафесара Рэма Руфіні (Італія).

У сімпозіуме прымуць удзел больш за 100 чалавек, у тым ліку 40 вучоных з замежных краін: Расіі, Германіі, Францыі, Велікабрытаніі, Італіі, Японіі, Швейцарыі, Швецыі, В’етнама, Турцыі, Літвы, Казахстана. Шэраг з іх прадстаўляюць буйнейшыя сусветныя ядзерна-фізічныя цэнтры, такія як Еўрапейскі цэнтр ядзерных даследаванняў (CERN, Швейцарыя), Аб’яднаны інстытут ядзерных даследаванняў (АІЯД, Расія), Інстытут Лаўэ-Ланжэвена (ILL, Грэнобль, Францыя), Інстытут ядзернай фізікі імя Г.І. Будкера (СА РАН, Расія), паскаральны комплекс J-Park (Японія), у якіх выкананы і плануюцца да выканання найважнейшыя даследаванні ў галіне “новай фізікі”.

Беларускія фізікі, якія працуюць у фізіцы элементарных часціц і высокіх энергій, ядзернай фізіцы, у складзе калабарацыі ATLAS і CMS праз міжнародныя арганізацыі Аб’яднаны інстытут ядзерных даследаванняў (АІЯД, Дубна, Расія), Еўрапейскі цэнтр ядзерных даследаванняў (ЦЕРН, Жэнева, Швейцарыя) ўнеслі важкі ўклад у стварэнне і выпрабаванні каларыметрычных сістэм для дэтэктараў ATLAS і CMS на найбуйнейшым у свеце паскаральніку часціц у ЦЕРН, з дапамогай якіх у 2012 годзе быў адкрыты базон Хігса. Суаўтарамі публікацый аб адкрыцці базона Хігса з’яўляецца 21 супрацоўнік навукова-даследчых арганізацый Беларусі: 6 з Інстытута фізікі імя Б. І. Сцяпанава НАН Беларусі; 11 з НЦ ФЧВЭ БДУ; 4 з НДІ ЯП БДУ.

Інстытут фізікі НАН Беларусі з’яўляецца членам міжнароднай калабарацыі COMET. Праект COMET уяўляе сабой найскладанейшы, звышдакладны эксперымент, накіраваны на пошук з’яў за рамкамі Стандартнай мадэлі праз выяўленне працэсу кагерэнтнага безнейтрыннага пераходу мюона ў электрон з рэкорднай адчувальнасцю. Эксперымент будзе ажыццёўлены на адным з найбуйнейшых у свеце паскаральным комплексе J-PARC у Японіі.

Удзел беларускіх навуковых арганізацый у працы найбуйнейшых ядзерна-фізічных цэнтраў карысны для краіны, паколькі дазваляе нашым навукоўцам непасрэдна ўдзельнічаць у найбуйнейшых навуковых эксперыментах, быць у курсе і ўдзельнічаць у стварэнні найноўшых тэхналогій, якія могуць быць выкарыстаны ў далейшым у прыкладных даследаваннях у краіне. Удзел у рабоце міжнародных ядзерна-фізічных цэнтраў карысны таксама з пункту гледжання падрыхтоўкі кадраў вышэйшай кваліфікацыі ў сувязі з задачамі бяспечнай эксплуатацыі АЭС, якая будуецца.

Правядзенне ў Мінску сімпозіума “Інтэграцыя беларускіх вучоных у даследчыя праграмы вядучых міжнародных ядзерна-фізічных цэнтраў” будзе спрыяць пашырэнню ўдзелу вучоных з Беларусі ў працы такіх цэнтраў. Важным праграмным элементам сімпозіума стане правядзенне ў якасці адной з яго секцый запланаванага на красавік ILL / НАНБ семінара, накіраванага на вызначэнне найбольш перспектыўных напрамкаў супрацоўніцтва паміж арганізацыямі НАН Беларусі і ILL (Грэнобль).

Характэрная асаблівасць ядзерна-фізічных даследаванняў заключаецца ў тым, што ў дадзенай галіне, як ні ў якой іншай, плануемыя даследаванні мяркуюць шырокае міжнароднае супрацоўніцтва. Гэта звязана з аднаго боку з тым, што яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя вучоныя непасрэдна датычныя да стварэння атамнай і вадароднай зброі ўсвядомілі глабальнасць праблем, якія ўзнікаюць пры наяўнасці такога фактару сусветнай палітыкі. З іншага боку, ужо ў той час эксперымент у галіне фізікі часціц пачынае рэзка даражэць, а да канца стагоддзя кошт паскаральных установак узрастае настолькі, што іх будаўніцтва не пад сілу асобным, нават вельмі багатым, краінам падобным ЗША. Таму ў сусветнай навуцы шырокія маштабы набывае навуковае супрацоўніцтва тэарэтыкаў і эксперыментатараў на аснове буйных міжнародных праграм фізічных даследаванняў у рамках навуковых аб’яднанняў (калабарацыі) пры паскаральных цэнтрах калектыўнага карыстання.

ПРАГРАМА СІМПОЗІУМА