Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

30.08.2017

У НАН Беларусі адбыліся перагаворы з членамі парламенцкай дэлегацыі Рэспублікі Судан

30 жніўня 2017 года адбыліся перагаворы кіраўніцтва НАН Беларусі з членамі парламенцкай дэлегацыі на чале са Старшынёй Нацыянальнай асамблеі Рэспублікі Судан Ібрагімам Ахмед Амерам. Былі абмеркаваны перспектывы развіцця беларуска-суданскага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва паміж арганізацыямі НАН Беларусі і Судана.

Як адзначыў у ходзе сустрэчы Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, Акадэмія навук надае асаблівую ўвагу развіццю ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з Суданам. “Многія навуковыя інтарэсы Беларусі і Судана супадаюць, а арганізацыі Акадэміі навук працуюць па тых напрамках, якія цікавяць суданскі бок. Мы гатовы аказаць у гэтым пытанні ўсялякую падтрымку”, - адзначыў Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі.

Уладзімір Гусакоў прапанаваў суданскаму боку актывізіваць супрацоўніцтва ў галіне здабычы і перапрацоўкі карысных выкапняў, нафтахіміі, а таксама аграпрамысловых тэхналогій. “Мы можам прапанаваць Судану рад самых новых тэхналогій у галіне сельскай гаспадаркі, цэлы рад сельскагаспадарчых машын і комплексаў для перабудовы сельскай гаспадаркі Судана на інавацыйны шлях развіцця”, - падкрэсліў Уладзімір Гусакоў.

У сваю чаргу Старшыня Нацыянальнай асамблеі Рэспублікі Судан Ібрагім Ахмед Амер пацвердзіў, што сёння Судан асабліва зацікаўлены ў беларускіх інавацыях у сферы сельскай гаспадаркі, селекцыі раслін, а таксама ў самых новых узорах сельскагаспадарчых машын і механізмаў. Цікавяць суданскі бок тэхналогіі ў галіне здабычы і перапрацоўкі карысных выкапняў, энергетыкі, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы навуковых арганізацый, а таксама падрыхтоўка кадраў вышэйшай кваліфікацыі.

Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі прапанаваў у бліжэйшы час падрыхтаваць па выніках візіту Пратакол па пашырэнні навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва НАН Беларусі і Судана. “Гэты дакумент стане базай для шырокага, шматбаковага, узаемавыгаднага супрацоўніцтва паміж навуковымі арганізацыямі Беларусі і Судана”, - падкрэсліў Уладзімір Гусакоў.

Старшыня Нацыянальнай асамблеі Рэспублікі Судан Ібрагім Ахмед Амер падтрымаў гэтую прапанову.

У НАН Беларусі падрыхтаваны пералік інавацыйных праектаў для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва беларускіх і суданскіх вучоных. Гэты пералік перададзены суданскаму боку.

У ходзе візіту госці таксама азнаёміліся з пастаяннай выстаўкай НАН Беларусі “Дасягненні айчыннай навукі – вытворчасці”. У далейшай праграме візіту – наведванне РУП “Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па земляробстве” і РУП “Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па жывёлагадоўлі”.

Гэты візіт стаў працягам дыялогу аб пашырэнні навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва Беларусі і Судана. 7 жніўня 2017 года НАН Беларусі наведала дэлегацыя Рэспублікі Судан на чале з Міністрам вышэйшай адукацыі і навуковых даследаванняў Рэспублікі Судан спадарыняй Сумая Махамед Амед Абукашва. 9 жніўня 2017 года пасля наведвання дзяржаўнай установы адукацыі “Інстытут падрыхтоўкі навуковых кадраў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі” дэлегацыяй Рэспублікі Судан і праведзеных перагавораў з рэктарам інстытута Ігарам Ганчарэнкам былі падпісаны з рэктарамі трох вядучых універсітэтаў Судана (Бахры, Эльніліяна, Касалы) тры дагаворы аб супрацоўніцтве ў сферы развіцця вышэйшай адукацыі, падрыхтоўкі навуковых кадраў і акадэмічнай мабільнасці прафесарска-выкладчыцкага складу і студэнтаў.

Зараз на адрас Міністэрства вышэйшай адукацыі і навуковых даследаванняў Рэспублікі Судан накіравана пісьмо з прапановай разгледзець магчымасць рабочага візіту дэлегацыі НАН Беларусі для дэталёвага абмеркавання і фарміравання прапаноў па рэалізацыі сумесных праектаў.