Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

11.09.2017

Прадстаўнікі НАН Беларусі прымуць удзел у першай акцыі з цыкла “Зялёныя скарбы Беларусі”

16 верасня ў 10.30 у наваколлі г. Слонім (Гродзенская вобл.) адбудзецца закладка штучнай рэзервовай цэнапапуляцыі ахоўнай расліны дуброўкі скальнай (Potentilla rupestris L.). Гэта першая акцыя з цыкла запланаваных на наступныя гады пад назвай “Зялёныя скарбы Беларусі”.

Удзельнікамі акцыі стануць прадстаўнікі Нацыянальнай акадэміі навук – вучоныя з Цэнтральнага батанічнага сада НАН Беларусі і Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча НАН Беларусі, прадстаўнікі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь - Слонімская інспекцыя ПРіААС, прадстаўнікі Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь - ДЛГУ “Слонімскі лясгас”, прадстаўнікі Слонімскага раённага выканаўчага камітэта і вучні Слонімскага раённага экалагічнага цэнтра дзяцей і моладзі, прадстаўнікі ААТ АСБ “Беларусбанк”.

Сярод асноўных экалагічных праблем скарачэнне біяразнастайнасці займае асаблівае месца, і гэтая праблема стаіць на чале нацыянальных прыярытэтаў. Выконваючы заданні часткі “Біяразнастайнасць, біярэсурсы і экалогія” дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў “Прыродакарыстанне і экалогія”, вучоныя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі працуюць з унікальнымі папуляцыямі рэдкіх раслін, распрацоўваюць стратэгіі іх захавання, рэзервацыі і аднаўлення. Такім аб’ектам з’яўляецца і дуброўка скальная (Potentilla rupestris L.) з прыродаахоўным статусам 1 катэгорыя (CR) - знікаючы від, прадстаўлены адной папуляцыяй за ўсходняй мяжой свайго арэала. Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь рэкамендуе ўвядзенне гэтага віду ў культуру ў якасці дэкаратыўнай расліны, а таксама рассяленне ў адпаведныя натуральныя прыродныя экатопы. Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі распрацаваў сістэму захавання і ўзнаўлення рэзервовага генафонду гэтай папуляцыі ў адпаведнасці з мясцовай спецыфікай, падрыхтаваў неабходную колькасць гетэрагенных сеянцаў і вызначыў методыку пераносу з умоў ex situ у in situ з захаваннем норм экабяспекі. У 2017 годзе, які праходзіць пад лозунгам “Год навукі – эканоміцы”, асабліва важныя крокі па папулярызацыі навукі і яе дасягненняў у галіне захавання біяразнастайнасці, доўгатэрміновыя сумесныя намаганні па аднаўленні ўнікальных аб’ектаў прыроды. Мэта дадзенага мерапрыемства - комплексныя шматузроўневыя прыродаахоўныя рашэнні на рэспубліканскім і рэгіянальным узроўнях. Мы не толькі рэзервуем генафонд і пашыраем папуляцыйнае поле рэдкай расліны, але і аб’ядноўваем намаганні ўсіх зацікаўленых арганізацый, ствараем экатурыстычны аб’ект і ўдзельнічаем у сацыяльным і выхаваўчым працэсах.