Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

21.12.2017

Беларускія палярнікі адкрылі сезон у Антарктыдзе

Начальнік Беларускай антарктычнай экспедыцыі (БАЭ) Аляксей Гайдашоў даслаў рапарт Прэзідыуму НАН Беларусі аб паспяховым правядзенні паветранай транспартнай аперацыі па разгрузцы матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння БАЭ і пачатку сезона ў Антарктыдзе.

Прэзідыум НАН Беларусі
ГУ “Рэспубліканскі цэнтр палярных даследаванняў НАН Беларусі”

Р а п а р т

“Інфармую, што ў перыяд 16-18 снежня 2017 г. праведзена паветраная транспартная аперацыя па разгрузцы з борта навукова-даследчага судна (НЭС) “Акадэмік Фёдараў” на Беларускую антарктычную станцыю Гара Вячэрняя (БАС) матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Беларускай антарктычнай экспедыцыі (БАЭ), уключаючы чарговыя канструкцыі Беларускай антарктычнай станцыі. Разгрузка праводзіліся ў аўральным рэжыме на працягу трох сутак. Палёты авіяцыі перарываліся толькі пры ўзмацненні хуткасці ветру звыш 25 мс. Груз БАЭ дастаўлены на БАС ў поўным аб’ёме – страт і пашкоджанняў маёмасці няма. Паспяховаму правядзенню грузавой аперацыі шмат у чым спрыяў значны аб’ём падрыхтоўчых работ, выкананых удзельнікамі авангарднай групы БАЭ. Адзначаю самаадданую працу ў працэсе паветранай грузавой аперацыі усяго асабовага складу БАЭ, дакладнае і зладжанае ўзаемадзеянне экіпажаў НЭС і верталётнай авіяцыі. У 16:00 МСК 18.12.2017 г. НЭС “Акадэмік Фёдараў” ўзяло курс на расійскую антарктычную станцыю Прагрэс.

На БАС працягваюцца работы па разгрузцы кантэйнераў з экспедыцыйным рыштункам і навуковымі прыборамі. Паралельна з правядзеннем першачарговых тэхнічных мерапрыемстваў выконваецца поўнае разгортванне праграм і прыборнай базы для навуковых даследаванняў.

Асабісты склад БАЭ здаровы, на БАС ёсць неабходныя запасы паліва, прадуктаў харчавання, медыкаментаў.

З павагай, начальнік БАЭ
Аляксей Гайдашоў

Як вядома, 8 лістапада 2017 года ў НАН Беларусі быў дадзены ўрачысты старт дзясятай Беларускай антарктычнай экспедыцыі. У гэтым годзе на лядовы кантынент для працягу работ па будаўніцтве станцыі і правядзенні навуковых даследаванняў у рамках заданняў, дзяржаўнай праграмы па засваенні Антарктыды адправіліся сем удзельнікаў. У складзе экспедыцыі сезона 2017-2018 гг.: Гайдашоў Аляксей Аляксандравіч - начальнік экспедыцыі, удзельнік папярэдніх БАЭ, 1959 г.н .; Гарбацэвіч Максім Андрэевіч - інжынер-радыеметрыст 1993 г.н .; Захватаў Аляксей Анатольевіч - інжынер-механік; напрамак работ – “майстар на ўсе рукі”, 1988 г.н .; Шаблыка Павел Вікенцьевіч - інжынер-геафізік; 1990 г.н.; Івашка Артур Генадзьевіч - майстар па эксплуатацыі і рамонце машын і механізмаў, 1985 г.н.; Несцяровіч Уладзімір Міхайлавіч - майстар па комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў і збудаванняў і Коўка Дзмітрый Валер’евіч – урач, спецыяліст хірургічнага профілю. У экспедыцыю адправіліся спецыялісты, якія ўжо пабывалі ў Антарктыдзе (4 чалавекі) і пачаткоўцы. Ім трэба будзе не толькі правесці ўстаноўку модуляў, забяспечыць іх увод у працоўны стан, але і выканаць вялікі комплекс навуковых даследаванняў у адпаведнасці з праграмай. Гэта: вывучэнне стану і маніторынг навакольнага асяроддзя Антарктыкі ў месцы базіравання станцыі; даследаванне стану азонасферы, ультрафіялетавай радыяцыі, клімату і іншых прыродных параметраў Антарктыкі; дэталёвыя даследаванні наземных і марскіх біялагічных рэсурсаў Антарктыкі з мэтай ацэнкі перспектыў іх далейшага выкарыстання; апрабаванне распрацаванага спецыяльна для Антарктыкі прыборнага абсталявання (радыёметры, магнітометры, лідары і інш.) для даследавання снежнага і ледзянога покрыва, воднга асяроддзя, атмасферы, горных парод і інш.; геалагічныя, геафізічныя, геахімічныя і інш. даследаванні зямной паверхні і марскога дна каля берагоў Антарктыды з мэтай ацэнкі яе мінеральнага патэнцыялу.