Да ўдзелу ў круглым стале былі запрошаны літаратуразнаўцы, пісьменнікі, мовазнаўцы, фалькларысты, гісторыкі, краязнаўцы, культуролагі, мастацтвазнаўцы, філосафы, музеязнаўцы, бібліятэкары, якія абмеркавалі асноўныя дасягненні прыгожага пісьменства ў адлюстраванні жыцця сучаснай Беларусі і асэнсаванні перспектыў далейшага развіцця мастацкай літаратуры суверэннай Беларусі.
Звяртаючыся да вучоныхі літаратараў, якія прымаюць удзел у рабоце круглага стала з прывітальным словам, Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў адзначыў: "Хачу падкрэсліць, што дасягненні грамадска-палітычнага і духоўна-культурнага развіцця краіны залежаць ад кожнага з нас, ад нашага прафесіяналізму і адносін да вырашэння агульнадзяржаўных спраў. У гэтым сэнсе літаратура і пранікнёныя словы пісьменнікаў набываюць асаблівае значэнне. Майстры мастацкага слова могуць і павінны спрыяць кансалідацыі грамадства, фарміраванню мастацка-эстэтычных густаў грамадзян краіны, выхаванню гуманістычных і маральных каштоўнасцей”.
Сярод тэматычных напрамкаў круглага стала былі пазначаны:
• чалавек і час у сучаснай літаратуры Беларусі;
• надзённае ў літаратурна-мастацкім адлюстраванні сучаснікаў;
• родны край у творчасці сучасных беларускіх пісьменнікаў;
• экалагічная і ваенная праблематыка беларускай літаратуры трэцяга тысячагоддзя;
• развіццё нацыянальнай літаратуры ў кантэксце сусветнай глабалізацыі;
• сацыяльная адказнасць і выхаваўчае значэнне мастацкай літаратуры канца ХХ - пачатку XXI стагоддзя;
• родная мова як аснова нацыянальнай культуры і літаратуры;
• нацыянальная літаратура і сучасны стан гуманітарнай навукі і культуры.