Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

09.07.2018

У НАН Беларусі адбыўся круглы стол “Беларуская дзяржаўнасць: гістарычная канцэпцыя і ідэалогія”, прымеркаваны да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь

29 чэрвеня 2018 года Савет маладых вучоных Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі правёў экспертны круглы стол “Беларуская дзяржаўнасць: гістарычная канцэпцыя і ідэалогія”, прымеркаваны да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. На навуковым мерапрыемстве прагучалі экспертныя меркаванні як ужо вядомых даследчыкаў, так і маладых навукоўцаў. Зацікаўленасць у экспертным абмеркаванні праявілі прадстаўнікі аналітычнай групы Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”.

Адкрываючы пасяджэнне круглага стала, акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, член-карэспандэнт Аляксандр Каваленя падкрэсліў ролю акадэмічнай супольнасці ў захаванні гістарычнай памяці беларускага народа як падмурка дзяржаўнасці. Дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вячаслаў Даніловіч прадставіў навуковую канцэпцыю гісторыі беларускай дзяржаўнасці, якая дазваляе прасачыць гістарычную пераемнасць дзяржаўных утварэнняў на тэрыторыі нашай краіны. Намеснік дырэктара Інстытута гісторыі Вадзім Лакіза азнаёміў прысутных з працамі беларускіх археолагаў, якія праліваюць святло на працэсы фарміравання ранніх паселішчаў усходніх славян, адным з цэнтраў якіх з’яўляліся беларускія землі.

Таксама на круглым стале разглядаліся філасофска-гістарычныя, светапоглядныя і тэарэтычныя праблемы фарміравання нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў, тэндэнцыі фармулявання ідэалогіі ў сучасным свеце. Супрацоўнікі Інстытута філасофіі НАН Беларусі: Тадэвуш Адула, загадчык Цэнтра сацыяльна-філасофскіх і антрапалагічных даследаванняў і Пётр Пятроўскі паказалі ўзаемасувязь сацыяльнай тэорыі і практыкі дзяржаўнага будаўніцтва і вызначылі механізмы кансалідацыі беларускага грамадства.

Вынікам канструктыўных дыскусій экспертаў стала прызнанне неабходнасці працягваць даследаванні беларускай дзяржаўнасці ў міждысцыплінарным ключы, на прынцыпе гістарызму выпрацоўваць сацыяльна-палітычныя мадэлі будучыні беларускай дзяржавы і ўзмацняць узаемадзеянне вучоных з грамадскімі арганізацыямі і аб’яднаннямі.