Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

09.10.2018

Інстытут гісторыі НАН Беларусі пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску праводзяць канферэнцыю “Статут 1588 г: заканадаўчыя гарантыі суверэнітэту ВКЛ”

12 кастрычніка 2018 г. Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску праводзяць Міжнародную навуковую канферэнцыю “Статут 1588 г: заканадаўчыя гарантыі суверэнітэту ВКЛ”.

Адкрыццё і пленарнае пасяджэнне канферэнцыі адбудзецца 12 кастрычніка з 10.00 да 13.00 у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі па адрасе: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 1.

Канферэнцыя стане важнай падзеяй у рамках святкавання юбілея прыняцця трэцяга Статута ВКЛ, месцам вывучэння гісторыі заканадаўства і дзяржаўнасці Беларусі часоў Вялікага Княства Літоўскага. У працы канферэнцыі запланаваны ўдзел найбольш вядомых спецыялістаў у галіне гісторыі дзяржавы і права з Беларусі, Расіі, Літвы, Польшчы, Украіны і Чэхіі. На канферэнцыі плануецца прадставіць і абмеркаваць вынікі навейшых даследаванняў па гісторыі права і намеціць перспектывы далейшых сумесных даследаванняў.

Праблемнае поле канферэнцыі:

  • гістарыяграфія, археаграфія і крыніцазнаўства;
  • прававыя сістэмы еўрапейскіх дзяржаў Ранняга Новага часу;
  • сістэмы права і сістэмы заканадаўства ВКЛ, Польскага каралеўства і Рэчы Паспалітай;
  • кадыфікацыйная дзейнасць у ВКЛ і палітычныя эліты;
  • гістарычныя перадумовы распрацоўкі Статута ВКЛ 1588 г.;
  • дзяржаўны, нацыянальны і народны суверэнітэт у палітычнай і прававой думцы;
  • дзяржаўныя інстытуты Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай;
  • судовая сістэма і судаводства ВКЛ, Польскага каралеўства і Рэчы Паспалітай;
  • выдавецкая дзейнасць у ВКЛ, выданне заканадаўчых актаў;
  • мова Статутаў ВКЛ і іншых прававых актаў.
  • Аналіз Статута 1588 г. як асноўнага заканадаўчага акта суверэннай дзяржавы – галоўная задача гэтай міжнароднай канферэнцыі. Правядзенне канферэнцыі сфарміруе неабходны навукова-тэарэтычны падмурак, на якім будуць грунтавацца веды па гісторыі дзяржавы і права Беларусі, дазволіць стварыць базу для практычнага выкарыстання дасягненняў гістарычнай і юрыдычнай навукі, будзе спрыяць наладжванню міжнароднага навуковага супрацоўніцтва, зробіць даступнымі для грамадства найноўшыя веды па гісторыі, дазволіць укараніць іх у навучальны працэс.