Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

01.11.2018

Вучоныя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі запрашаюцца да ўдзелу ў конкурсе на атрыманне міждзяржаўных прэмій “Зоркі Садружнасці” за 2018 год

Міждзяржаўны фонд гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў-удзельніц СНД абвясціў аб правядзенні конкурсу на саісканне міждзяржаўных прэмій “Зоркі Садружнасці” за 2018 год.

Міждзяржаўныя прэміі “Зоркі Садружнасці” заснаваны Саветам па гуманітарным супрацоўніцтве дзяржаў-удзельніц СНД сумесна з Міждзяржаўным фондам гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў-удзельніц СНД і прысуджаюцца штогод за выдатны ўклад і дасягненні ў такіх сферах, як гуманітарная дзейнасць, культура, мастацтва, адукацыя, навука, архіўная справа, інфармацыя і масавыя камунікацыі, спорт, турызм і праца з моладдзю. Дасягненні павінны спрыяць збліжэнню народаў краін СНД і развіццю як кожнай з краін-удзельніц СНД, так і Садружнасці ў цэлым. Памер грашовай часткі прэміі – 2 млн. расійскіх рублёў. Прэмія паўторна не прысуджаецца.

На атрыманне прэміі можа быць вылучана кандыдатура асобнага вучонага або аўтарскі калектыў (не больш за тры чалавекі). Матэрыялы вылучэння павінны ўключаць:

  • узнагародны ліст у адпаведнасці з формай;
  • аўтабіяграфія з апісаннем заслуг;
  • матэрыялы (у тым ліку навуковыя, творчыя, мастацкія, метадычныя работы), за стварэнне якіх кандыдат намінуецца на атрыманне прэміі.
  • Матэрыялы кандыдатаў ад арганізацый НАН Беларусі ў электронным і папяровым выглядзе да 15 лістапада 2018 г. прадстаўляюцца аддзяленнямі НАН Беларусі ва Упраўленне прэмій, стыпендый і ўзнагарод Галоўнага ўпраўлення кадраў і кадравай палітыкі апарату НАН Беларусі (каб. 406, 317).

    Тэлефоны для даведак: (017) 284-24-56, (017) 284-28-26