Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

20.11.2018

НАН Беларусі і Дзяржкарпарацыя “Расатам” абмеркавалі перспектывы ў сферы развіцця ядзерных тэхналогій

20 лістапада 2018 года ў будынку Прэзідыума НАН Беларусі ў Мінску адбыўся семінар на тэму: “Цэнтр ядзерных даследаванняў і тэхналогій на базе шматфункцыянальнага даследчага ядзернага рэактара ў Рэспубліцы Беларусь: сацыяльна-эканамічныя, навуковыя і тэхналагічныя аспекты”. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі міністэрстваў і профільных ведамстваў рэспублікі, навукова-даследчых арганізацый і Дзяржкарпарацыі “Расатам”.

У цяперашні час “Расатам” сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі абмяркоўваюць магчымасць рэалізацыі праекта аб супрацоўніцтве ў праектаванні, будаўніцтве і эксплуатацыі Цэнтра ядзерных даследаванняў і тэхналогій на базе шматфункцыянальнага даследчага ядзернага рэактара на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. У складзе Цэнтра прадугледжана даследчая ядзерная ўстаноўка з шматмэтавым рэактарам басейнавага тыпу магутнасцю да 20 МВт, радыёхімічны комплекс для абыходжання з напрацоўваемымі на даследчым рэактары медыцынскімі ізатопамі, матэрыялазнаўчы комплекс, які забяспечвае паслярэактарныя даследаванні канструкцыйных матэрыялаў і ўзораў, участак для ядзернага легіравання крэмнію, інжынерна-тэхналагічны комплекс.

У сваіх прывітальных прамовах першы намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі, акадэмік Сяргей Чыжык і Прэзідэнт АТ “Русатам Аверсіз” Яўгеній Пакерманаў падкрэслілі значнасць партнёрства нашых краін у галіне ўзвядзення першай Беларускай АЭС і расказалі пра перспектывы рэалізацыі праекта па развіцці ядзерных тэхналогій на базе сучаснага Цэнтра ядзерных даследаванняў і тэхналогій.

Сяргей Чыжык адзначыў, што Рэспубліка Беларусь мае багаты вопыт эксплуатацыі даследчага рэактара. “Збудаванне новага рэактара і навуковага цэнтра на яго базе дазволіць унесці істотны ўклад у эфектыўнасць і бяспеку эксплуатацыі будуемай Беларускай АЭС. На базе цэнтра магчыма ажыццяўляць падрыхтоўку кадраў для атамнай станцыі, выконваць розныя даследаванні ў галіне ядзернай энергетыкі, вырабляць запатрабаваную радыеізатопную прадукцыю, працаваць над удасканаленнем метадалогіі радыяцыйнага кантролю і экалагічнага маніторынгу”, – падкрэсліў Сяргей Чыжык.

Па словах Яўгенія Пакерманава, рэалізацыя праекта збудавання Цэнтра на базе шматфункцыянальнага даследчага ядзернага рэактара на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь створыць магчымасці для далейшага развіцця цэлага шэрагу сектараў эканомікі, такіх як: ахова здароўя, прамысловасць і сельская гаспадарка. “Расатам валодае значным вопытам праектавання, будаўніцтва, эксплуатацыі, абслугоўвання і мадэрнізацыі даследчых рэактараў, і мы разлічваем, што ў бліжэйшы час будуць дасягнуты дамоўленасці аб стварэнні цэнтра ў Рэспубліцы Беларусь”, – адзначыў Яўгеній Пакерманаў.

Расатам валодае значным вопытам праектавання, збудавання, эксплуатацыі, сэрвіснага абслугоўвання і мадэрнізацыі даследчых рэактараў і іншых аб’ектаў цэнтраў ядзернай навукі і тэхналогій: больш за 120 ядзерных даследчых рэактараў былі пабудаваны пры падтрымцы Расатама. 22 праекты цэнтраў на базе даследчых рэактараў рэалізаваны за мяжой – у Чэхіі, Венгрыі, Егіпце, Польшчы, Казахстане, Узбекістане, В’етнаме і іншых краінах. На бягучы момант Расатам з’яўляецца аператарам прыкладна 20% усіх даследчых рэактараў у свеце.