У НАН Беларусі пройдзе міжнародны форум, прысвечаны 100-годдзю БССР
6 снежня 2018 г. у 10:00 у НАН Беларусі адбудзецца адкрыццё Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Гістарычныя лёсы беларускай савецкай дзяржаўнасці (да 100-годдзя ўтварэння Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі)”. У яе рабоце прымуць удзел вядучыя вучоныя – гісторыкі, прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў, навуковых арганізацый, вышэйшых навучальных устаноў краіны, замежныя госці.
На форуме 6 і 7 снежня 2018 года плануецца абмеркаваць наступныя праблемы:
гісторыя БССР у працах айчынных і замежных даследчыкаў
палітычная гісторыя Савецкай Беларусі
БССР: гістарычны вопыт сацыяльных, эканамічных і культурных пераўтварэнняў
палітычная і дзяржаўная эліта БССР: гісторыя і лёсы
эвалюцыя ўзаемаадносін рэспублікі і цэнтра: БССР - СССР
эвалюцыя міжнародна-прававой суб’ектнасці БССР
тэрытарыяльны аспект нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва БССР
На думку арганізатараў, важнымі задачамі гэтага прадстаўнічага міжнароднага форуму з’яўляюцца: азнаямленне з навуковымі і практычнымі дасягненнямі ў галіне вывучэння гісторыі рэвалюцыйных падзей 1917-1925 гг., станаўлення беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці на савецкай аснове; абмеркаванне дыскусійных пытанняў гісторыі Савецкай Беларусі ў 1919-1991 гг.; паляпшэнне ўзаемадзеяння акадэмічнай і ўніверсітэцкай навукі па актуальных праблемах развіцця гістарычнай навукі.