Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

25.06.2019

У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы ім. Я. Коласа прайшла вечарына, прысвечаная памяці члена-карэспандэнта НАН Беларусі Міхася Мушынскага

17 чэрвеня ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбылася вечарына “Свайму часу і вечнасці…”, прысвечаная памяці вядомага навукоўца, члена-карэспандэнта НАН Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, доктара філалагічных навук, прафесара Міхася Мушынскага.

Міхась Мушынскі ўсё жыццё займаўся даследаваннем айчыннай літаратуры. Ён лічыцца найлепшым у краіне знаўцам творчасці Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага, Міхася Зарэцкага. На працягу многіх гадоў М.І. Мушынскі ўзначальваў аддзел выданняў і тэксталогіі Інстытута літаратуразнаўства. Пад яго кіраўніцтвам была здзейснена падрыхтоўка шматтомных выданняў класікаў нацыянальнай літаратуры: Збораў твораў Максіма Багдановіча, Петруся Броўкі, Змітрака Бядулі, Максіма Гарэцкага, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Івана Мележа і інш.

Вечарына была ўрачыста адкрыта адной з любімых песень Міхася Іосіфавіча “Ой сівы конь бяжыць...”, якая прагучала ў жывым выкананні.

Падчас іпрэзы выступілі: дырэктар ЦНБ імя Якуба Коласа, д.г.н., дацэнт А.І. Груша, вучоны сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў, к.ф.н. В.С. Юшкевіч, першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, акадэмік, д.ф.н, прафесар А.А. Лукашанец, акадэмік, доктар геолага-мінералагічных навук, прафесар Р.Г. Гарэцкі, намеснік старшыні Рэспубліканскага грамадскага савета па справах культуры і мастацтва пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, член Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА А.І. Бутэвіч, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, к.ф.н., дацэнт І.Л. Капылоў, намеснік дырэктара па навуковай рабоце гэтага ж Інстытута, к.ф.н. С.Л. Гаранін, дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Г.В. Запартыка, шматгадовы дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа З.М. Камароўская, д.ф.н., прафесар кафедры гісторыі беларускай літаратуры БДУ Л.Д. Сінькова, унучка Якуба Коласа В.Д. Міцкевіч, пісьменніца, тэатральны крытык, журналіст, дачка вучонага Т.М. Мушынская і інш.

У межах вечарыны працавала выстава манаграфій і кніг вучонага, а таксама дакументаў, якія адлюстроўваюць ягонае жыццё і дзейнасць. Падчас электроннай прэзентацыі можна было азнаёміцца з рэдкімі фота з сямейнага архіва.

Алена Васілевіч,
заг. аддзела выданняў і тэксталогіі
Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы
Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры
НАН Беларусі, к.ф.н.
Фота Валерыі Гусевай